Главная / Новости / Новости района
02.03.2021

Дастойны поспех і добрыя перспектывы. У ЗАТ “Гудзевічы” падвялі вынікі працы за 2020 год і вызначылі шляхі далейшага развіцця гаспадаркі

 Ні пандэмія каранавіруса, ні паслявыбарная сітуацыя ў краіне, ні сюрпрызы надвор’я не перашкодзілі працаўнікам ЗАТ “Гудзевічы” дабіцца добрых рэзультатаў у мінулым годзе. Яны сталі першымі ў раёне на ўборцы зерня, другімі – па вытворчасці прадукцыі раслінаводства, трэцімі  – у абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці галіны жывёлагадоўлі.

Што і казаць, гэтыя факты, а таксама лічбы, што прагучалі падчас агульнага сходу акцыянераў і працаўнікоў закрытага акцыянернага таварыства ад кіраўніка Андрэя Санько, дабавалі гонару кожнаму з прысутных.






















– Тэмп росту валавай прадукцыі склаў 108,3%, выручка ад яе рэалізацыі – 27 мільёнаў 667 тысяч рублёў, чысты прыбытак – 2 мільёны 750 тысяч рублёў. Рэнтабельнасць ад рэаліцыі на ўзроўні 18,3%. Заработная плата ў гаспадарцы за мінулы год вырасла на 113,6% і склала ў сярэднім 1120 рублёў, – канстатаваў Андрэй Антонавіч.






















Асноўнай крыніцай паступлення грашовых сродкаў у касу гаспадаркі на працягу года быў продаж малака і мяса. Свой дастойны ўклад у агульную справу ўнеслі калектывы ўсіх ферм і МТК, але найбольшы сярод іх – МТК “Малочны двор” ля вёскі Тоўсцікі пад кіраўніцтвам Івана Карнейчыка. Тут летась надаілі па 7527 кілаграмаў малака ад каровы і амаль што 80% прадукцыі прадалі класам “экстра”. Гэта дазволіла калектыву комплекса заняць першае месца сярод МТК гаспадаркі і няблага выглядаць на ўзроўні раёна і вобласці.






















Актыўна асвойваюць у ЗАТ “Гудзевічы” і новы, даволі перспектыўны накірунак, які дазволіць забяспечыць дадатковы прыток грашовых сродкаў, – гэта продаж цялушак. Летась было рэалізавана 124 галавы, і гэтая работа будзе працягнута.

У гаспадарцы працуе свой цэх па перапрацоўцы рапсу. У абнаўленні машынна-трактарнага парку тут робяць стаўку на энерганасычаную і шыроказахватную тэхніку, якая закупляецца штогод. Прыносяць прыбытак гандлёвыя аб’екты – два магазіны і кафэ, да якіх сёлета дабавіцца гандлёвая кропка ў Лунна. Добра працуе будаўнічая брыгада, занятая як на вытворчых аб’ектах, так і на жыллі для працаўнікоў.






















Як падкрэсліў Андрэй Санько, планы на бягучы год не менш напружаныя, але рэальныя:

– Многае па іх выкананню будзе залежаць не толькі ад прафесіяналізму, але і ад  выканальніцкай, тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны, чалавечага фактара. У нас добрыя кадры, і яны здольныя рашаць любыя задачы.






















І  як пацвярджэнне – словы шчырай падзякі за добрасумленную і якасную працу ад кіраўніка ў адрас лепшых механізатараў і вадзіцеляў, аператараў машыннага даення, жывёлаводаў, работнікаў свінаводчага комплекса, рамотных майстэрань, энергетычнай службы, брыгады працаёмкіх працэсаў, паляводаў. Больш за чатыры дзясяткі перадавікоў былі адзначаны падзячнымі пісьмамі кіраўніцтва і грашовымі прэміямі. Новыя прозвішчы з’явіліся на Дошцы гонару гаспадаркі.






















З дастойнымі поспехамі і добрымі перспектывамі калектыў “ЗАТ “Гудзевічы” ад імя членаў раённага выканаўчага камітэта павіншаваў начальнік РАУС Эдуард Шэстак. Ганаровыя граматы і Падзякі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў былі ўручаны аператару машыннага даення Наталлі Чукоўскай, упраўляючаму вытворчага аддзялення “Радзявічы” Андрэю Сарока, трактарыстам-машыністам Івану Бяляўскаму і Валерыю Гайдэлю.

Узнагародамі ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК папоўнілі свае скарбонкі дасягненняў Марына Лісоўская, Міхаіл Кузьміцкі і Кацярына Валюшка.






















Удзячнасць за клопат і ўвагу, якая надаецца не толькі працаўнікам ЗАТ “Гудзевічы”, але і ўсім жыхарам сельсавета, у адрас кіраўніцтва гаспадаркі прагучала ад старшыні Гудзевіцкага сельвыканкама Кацярыны Басінскай:

– Прывезці дроў былому работніку гаспадаркі, пачысціць дарогу ад снегу ў вёсцы ці да хутара – гэтыя і шмат іншых пытанняў мы вырашаем разам, супольна. А людзі, калі бачаць такія прыязныя адносіны да сябе, заўсёды гатовы падставіць плячо дапамогі.
































Дбаць не толькі пра сябе, але і пра агульную справу заклікаў і настаяцель мясцовага храма айцец Мікалай:

– ЗАТ “Гудзевічы” – гэта адзіны механізм, дзе кожны з вас – неабходная дэталь, патрэбнае звяно. Для зладжанай працы ўсяго комплексу трэба, каб кожная шасцярэнька добра працавала, інакш не будзе выніку.
































Завяршыўся сход канцэртам, падрыхтаваным работнікамі Гудзевіцкага цэнтра вольнага часу і культуры.