Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
24.11.2021

Лукашэнка аб стратэгіі для АПК: трэба хутчэй выходзіць на экспарт прадукцыі ў памеры $7 млрд

 Галоўнай стратэгічнай задачай для аграпрамысловага комплексу з'яўляецца выхад на экспарт прадукцыі ў памеры $7 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы з дакладам віцэ-прэм'ера Аляксандра Субоціна і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Крупко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым годзе, у тым ліку ў перыяд уборачнай кампаніі, тэматыка АПК абмяркоўвалася не раз і вынікі яго работы яшчэ трэба будзе падвесці. Аднак за бягучымі пытаннямі трэба прадумваць і стратэгію развіцця галіны, на што і ўказаў беларускі лідар.

"Мяне больш за ўсё хвалюе будучае, стратэгія. Бягучае ўжо зразумела, усе недапрацоўкі, усё добрае мы бачым. А вось будучае... Мы з вамі не аднойчы абмяркоўвалі тактычныя, стратэгічныя пытанні. Стратэгія адна - нам трэба хутчэй выходзіць на экспарт прадукцыі ў памеры $7 млрд", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"У сувязі з тым, што ў свеце крызіс прадуктаў харчавання відавочны і гэты крызіс толькі ўзмацняецца, попыт на прадукты харчавання будзе толькі расці. Зразумела, цэны будуць расці на прадукты харчавання. Таму гэта наша стратэгія - каб ні ў якім разе не збавіць абароты. Ну і свой рынак - гэта святое", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт паставіў задачу забяспечыць напаўненне стабілізацыйных фондаў. "Якія ў нас тут розначытанні паміж галіной і гандлем, губернатарамі і мэрам Мінска? Адны гавораць: трэба цяпер прадаць прадукцыю, пакуль цэны высокія. Іншыя гавораць аб тым, што трэба, каб былі на 100 працэнтаў стабілізацыйныя фонды", - пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на тое, каб насельніцтва было забяспечана прадуктамі харчавання ў поўным аб'ёме і па прымальных цэнах.

Размова ішла таксама аб задачах у АПК на сярэднетэрміновую перспектыву, у прыватнасці, пра арганізацыю рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, асабліва энерганасычанай. "Трэба вызначыцца, у якіх месцах нашы флагманы - МТЗ, "Гомсельмаш", "Амкадор" і іншыя - дапамогуць аднавіць тэхніку на працягу зімы да вясны", - паставіў задачу кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што гэта трэба зрабіць па мінімальных цэнах.

Адзін з напрамкаў, які абмяркоўваўся сёння, - меліярацыя і павышэнне ўрадлівасці глебы. "Гэта дзяржаўнае пытанне", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнта таксама цікавілі перспектывы распаўсюджвання вопыту работы сучасных тэхналагічных гаспадарак тыпу комплексу "Вусце" Нацыянальнай акадэміі навук у Аршанскім раёне. "Мы дамовіліся, што вы пагледзіце, ці трэба нам наогул гэта шырока ўкараняць і дзе мы будзем асвойваць гэтыя тэхналогіі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама спытаў аб выніках работы інтэграцыйных структур, створаных у Віцебскай вобласці: "Як там наш так званы эксперымент? Удаўся ці не ўдаўся? Ужо другі год працуем у гэтых умовах. Ці атрымала Віцебская вобласць тое, чаго мы ад яе чакалі?" Аляксандр Лукашэнка паабяцаў у хуткім часе асабіста наведаць некаторыя сельгаспрадпрыемствы, якія ўваходзяць у гэтыя інтэграцыйныя структуры, і ацаніць іх эфектыўнасць.

"Некалькі канкрэтных пытанняў: лён, рапс, азімы ячмень і іншыя культуры, якія дадуць магчымасць нам у будучым годзе ўборку пачаць у чэрвені месяцы і завяршыць яе як мага раней", - абазначыў яшчэ шэраг пытанняў кіраўнік дзяржавы.

Асобная ўвага была ўдзелена арганізацыі ўтрымання жывёлы ў зімовы перыяд і забяспечанасці кармамі.-0-