Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
08.09.2021

Ці рэальна падвоіць здабычу нафты і навошта патрэбна садзейнічанне. Галоўнае з заяў Лукашэнкі па "Беларуснафце"

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 верасня прыняў з дакладам генеральнага дырэктара ВА "Беларуснафта" Аляксандра Ляхава. На мерапрыемстве таксама прысутнічала старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, паведамляе БЕЛТА.

Размова ішла аб геолагаразведцы, перспектывах павелічэння аб'ёмаў нафты, якая здабываецца ў Беларусі, развіцці сеткі зарадных станцый для электрамабіляў. Кіраўнік дзяржавы ў самым пачатку сустрэчы адзначыў, што сфера, у якой працуе "Беларуснафта", найважнейшая, але, на жаль, даўно не сустракаліся і не абмяркоўвалі адпаведныя пытанні.

Асноўныя віды дзейнасці кампаніі: геолагаразведка, здабыча нафты і газу, перапрацоўка і энергетыка, нафтавы сэрвіс, навука і інжынірынг, рэалізацыя нафтапрадуктаў праз фірменную сетку нафтабаз і АЗС. У склад аб'яднання ўваходзяць больш за 40 нафтаздабыўных, нафтасэрвісных, інжынірынгавых, праектных, газаперапрацоўчых і збытавых падраздзяленняў і прадпрыемстваў у Беларусі, Расіі, Украіне, Венесуэле, Эквадоры, Польшчы. У сумесных прадпрыемствах за мяжой "Беларуснафта" вядзе праекты па здабычы нафты, сейсмаразведцы, нафтавым сэрвісе, інжынірынгу.

Вялікіх прэтэнзій няма, за выключэннем адной

"Можа, я не настолькі паглыблены ў дэталі. Але калі б нешта было, то ўжо, напэўна, далажылі б і праінфармавалі. Таму вялікіх такіх прэтэнзій няма, за выключэннем адной: трэба кожны год дабаўляць. І не толькі за мяжой, - падкрэсліў беларускі лідар. - Хаця вы, вядома, малайцы, што разгарнуліся ў Расійскай Федэрацыі. Ад рамонту свідравін вы пайшлі ў здабычу нафты. Раскажыце, як там ідуць справы".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта яму вельмі важна перад сустрэчай з Прэзідэнтам Расіі. "Магчыма, у вас будуць якія-небудзь прапановы, якія цікавыя будуць для Расіі і Беларусі. Мы з ім абмяркуем", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Вы пачалі здабываць нафту ў Расійскай Федэрацыі. Калі патрэбна нейкая там падтрымка і ў вас будуць прапановы, я гатовы да гэтага падключыцца", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Ляхаў пазней расказаў журналістам, што ў час сустрэчы падрабязна абмяркоўваліся вынікі работы "Беларуснафты" ў Расіі. "Мы больш гаварылі з пункту гледжання таго, што ўжо дасягнута "Беларуснафтай", - адзначыў ён. У Расіі працуюць ужо як сэрвісныя прадпрыемствы ў галіне рамонту і бурэння свідравін, так і прадпрыемствы, якія вядуць здабычу нафты і газу. "Гэты год быў плённы для нас. У нас з'явіўся ў складзе прадпрыемства новы ліцэнзійны ўчастак. Усё гэта размешчана ў Ямала-Ненецкай акрузе", - растлумачыў Аляксандр Ляхаў. Размова аб набытым "Беларуснафтай" нафтаздабыўным актыве ў Расіі - ААТ "Нафтавая кампанія "Янгпур".

Колькі патрэбна нафты, каб "забыць пра ўсялякую залежнасць"

Аляксандр Лукашэнка адзначыў сумны момант у рабоце кампаніі. Ён звязаны з тым, што ў ранейшыя гады, яшчэ пры Савецкім Саюзе, калі ў Беларусі знайшлі запасы нафты, іх нерацыянальна выкарыстоўвалі, што ўплывае на аб'ёмы, якія здабываюцца цяпер.

"Я да гэтага часу лічу, што гэта сумны момант, калі пасля адкрыцця перспектыўных радовішчаў у Беларусі мы ў свой час (да нас з вамі яшчэ) здабывалі звыш 8 млн т нафты. Мы выпампавалі сваю нафту, таму што памылкова лічылі, што ў нас мора нафты ў Беларусі. Можа, у нас нешта там і ёсць, нейкае мора, якое мы з вамі яшчэ не знайшлі. Гэта галоўная тэма сённяшняй размовы. Але калі б нам сёння 8-9 млн т нафты, мы жылі б лепш, чым самыя багатыя краіны нашай планеты. Але, на жаль, такога няма", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы ўскладае пэўныя надзеі на так званы Прыпяцкі прагін, дзе патэнцыяльна могуць быць запасы нафты. "Мяне вельмі цікавіць і хвалюе праблема Прыпяцкага прагіну. Нутром адчуваю, што там у нас нафта ёсць, якую мы яшчэ не бачым", - заявіў ён.

"Вы вывучалі гэту праблему. Калі вы нешта прапануеце, я гатовы ў гэтым непасрэдна ўдзельнічаць. Але так, каб мы нарасцілі здабычу нафты пры нашым з вамі жыцці хаця б да 3-3,5 млн т (цяпер у краіне здабываецца прыкладна 1,6 млн т сваёй нафты ў год. - Заўвага БЕЛТА). Гэта вырашэнне праблемы для краіны. Мы забудзем пра ўсялякую залежнасць. А калі яшчэ і атамную станцыю адну пабудуем, краіна будзе забяспечана ўсім неабходным. Асабліва энергіяй", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Ляхаў далажыў, што кампанія на тэрыторыі Беларусі ў апошнія 4 гады штогод нарошчвае ўзровень здабычы нафты на 20 тыс. т. "Мы выйшлі калісьці на плато 5 гадоў таму ў памеры 1 млн 640 тыс. т. У гэтым годзе мы плануем здабыць мінімум 1 млн 730 тыс. т. І гэты рост здабычы нафты ў Беларусі мы плануем захаваць на бліжэйшыя гады", - сказаў гендырэктар.

Паводле яго слоў, тэмпы прыросту здабычы залежаць ад шэрага фактараў. "Гэта як паспяховасць геолага-разведачных работ у традыцыйнай зоне паўночнага прагіну - Рэчыца, Светлагорск, Акцябрскі, так і ў апошнія 10 гадоў мы пачалі працаваць у зоне Хойніцкага раёна. Літаральна ў апошнія гады мы па 2-3 радовішчы адкрываем вакол Хойнікаў. І здабыча нафты ў раёне ўжо дасягнула практычна 70 тыс. т. Мы спрабуем замацавацца на дасягнутых рубяжах", - расказаў Аляксандр Ляхаў.

Магчымасць росту здабычы нафты ў Беларусі ён ацэньвае як вельмі перспектыўную. У прыватнасці, ідзе размова аб магчымасцях нафтаздабычы ў паўднёвых раёнах Гомельскай вобласці, дзе пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС геолага-разведачныя работы на нафту і газ не праводзіліся. "Мы ўжо ў бягучым годзе вярнуліся да гэтых работ. Цяпер працуем на тэрыторыі Лельчыцкага і Ельскага раёнаў Гомельскай вобласці. У наступным годзе плануем працаваць у Нараўлянскім і Хойніцкім раёнах вобласці па сейсмаразведачных работах. І ў далейшым плануем раскансервацыю старых свідравін, прабураных яшчэ да аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і бурэнне новых свідравін, калі для гэтага будзе геалагічная перспектыва", - расказаў гендырэктар кампаніі.

Для чаго Лукашэнка паабяцаў садзейнічанне

Прэзідэнт асобна акцэнтаваў увагу, што ў Беларусі актыўна развіваецца энергетычны сектар. У прыватнасці, уведзена ў строй Беларуская АЭС, энергію з якой яшчэ трэба "праглынуць". У сувязі з гэтым перспектыва за электратранспартам. "Беларуснафта" працуе ўжо ў гэтым напрамку ў частцы абсталявання зарадных станцый, і гэту работу трэба актывізаваць.

"Дзякуй вам, што заняліся гэтымі запраўкамі - электра. Я бачу, што зрух сур'ёзны, але сёння мы знімем усялякую цяганіну і ўсялякі бюракратызм. Не саромцеся пра гэта гаварыць адкрыта. Вы ж яшчэ і сенатар. Калі патрэбна вам падтрымка, або, як цяпер можна гаварыць, садзейнічанне, ну дык вось садзейнічанне. Старшыня Савета заўсёды вас падтрымае. Любы дакумент мне напрамую даложыць, калі гэта патрэбна. Не - ва ўрадзе прапануе тую ці іншую ідэю", - сказаў Прэзідэнт.

"Але мы не можам загубіць вось гэту тэндэнцыю электрамабіляў. А для электрамабіляў патрэбны хуткія запраўкі. Вельмі хуткія. І ў Віцебску, нібыта, мы можам гэта рабіць (абсталяванне. - Заўвага БЕЛТА). Трэба тады актыўней разгортваць гэту работу", - адзначыў беларускі лідар.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што важна якасць прадукцыі. "Калі рабіць, то вельмі якасна. Не дазваляйце няякасны прадукт на беларускі рынак пастаўляць і не дазваляйце іншым гэта рабіць, асабліва па пытаннях, з якімі вы непасрэдна звязаны", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Як стала вядома па выніках сустрэчы, "Беларуснафта" павялічыць колькасць зарадных станцый для электратранспарту, што поўнасцю пакрые патрэбнасці і нават крыху іх перавысіць. "Да канца года плануем выйсці на рубеж 600. Гэтага цалкам дастаткова для сённяшняй колькасці аўтамабіляў. Больш таго, мы працуем на апярэджанне. Думаю, гэта стварае добрыя перадумовы для пераводу і суб'ектаў гаспадарання, і насельніцтва на электрацягу", - сказаў кіраўнік вытворчага аб'яднання.

У будучым "Беларуснафта" плануе будаваць хуткія зарадныя комплексы, якія даюць магчымасць за кароткі прамежак часу запраўляць аўтамабіль. "За імі перспектыва, - упэўнены Аляксандр Ляхаў. - Вытворцам абсталявання для электразарадных станцый з'яўляецца прадпрыемства "Віцязь", якое размешчана ў Віцебскай вобласці".

Як "Беларуснафта" выратавала краіну

Прэзідэнт паабяцаў кіраўніцтву кампаніі садзейнічанне ў плане ўстаранення цяганіны ў тых ці іншых пытаннях і залішняга бюракратызму. "Занадта ў нас бюракратыя развялася, цяганіны дастаткова. Але мы гэта вырашым. Так, як вырашылі некалі па заправачных станцыях, - сказаў ён. - Без вас ні адно пытанне ў краіне не вырашаецца. Калі "Беларуснафта" не можа недзе пабудаваць заправачную станцыю, калі ласка, візіруйце дакумент, я падпішу, аддадзім гэта іншай нейкай кампаніі. Прыкладна 70 працэнтаў рынку (размова аб продажы ў краіне нафтапрадуктаў. - Заўвага БЕЛТА), паводле маіх даных, вы сёння забяспечваеце ў Беларусі. Я гэта буду падтрымліваць заўсёды, пакуль я Прэзідэнт", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што ў свой час "Беларуснафта" выратавала краіну. "Калі Расія перастала ў патрэбных аб'ёмах пастаўляць нам нафту. Нехта спадзяваўся, што ў нас узнікне дэфіцыт з нафтапрадуктамі. Тады мы ўсю нафту, якую здабываем, павярнулі на перапрацоўку для Беларусі. І людзі не заўважылі, што нейкі дэфіцыт. Яго не было. Дзякуючы нашай кампаніі", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму ў свой час, выбачайце за нясціпласць, мною было прынята правільнае рашэнне. Я забараніў усякую прыватызацыю "Беларуснафты", закранаць яе. Гэта дзяржпрадпрыемства, якое павінна забяспечыць наша насельніцтва неабходнымі нафтапрадуктамі. Без нафтапрадуктаў сёння Беларусі няма. Усе ўжо маюць у сям'і па 2-3 аўтамабілі, асабліва прагрэсіўныя нашы людзі. А для гэтага патрэбна паліва. Мы яго вырабляем, ну і глядзім на рынкі - што лепш прадаваць - нафту, нафтапрадукты. І пастаўкі з Расійскай Федэрацыі. Мы цалкам сябе забяспечваем", - адзначыў Прэзідэнт.

Аб сацыяльнай адказнасці ў абмен на нетры

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што "Беларуснафта", як і іншыя буйныя кампаніі, павінны ў тым ліку займацца развіццём тэрыторый і сацыяльнай сферы там, дзе яны працуюць. "Вы ведаеце, што наша краіна - славянская, у добрым сэнсе вясковая. Гэтыя людзі ніколі не былі багатымі", - сказаў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што ў гэтым жа рэчышчы размова вялася і нядаўна ў Петрыкаве пры адкрыцці новага ГАК "Беларуськалія": "Прывялі ў парадак тэрыторыю, землі, вёскі і сам Петрыкаў. Не ўсё яшчэ, вядома, зроблена, але ў Петрыкаў прыемна заехаць. Гэта ўжо сучасны горад, мае перспектыву развіцця".

Аналагічныя задачы стаяць і перад прыватнай кампаніяй "Славкалій", якая распрацоўвае радовішча пад Любанню.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "Беларуснафта" ў асноўным працуе на тэрыторыі Гомельскай вобласці, многія раёны якой пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. "Падумайце, як вамі будуць прыкладзены намаганні, каб дапамагчы гэтай вобласці. Хаця б у тых месцах, дзе вы працуеце. Ведаю, што нямала робіце. Але вы разумееце: гэта бедныя тэрыторыі. Ад сельскай гаспадаркі асабліва багатым не будзеш. Але робяць яны вялікую справу. Таму, вядома, трэба ім і дапамагаць", - даручыў беларускі лідар.