Вуліца Міру – цэнтральная ў Курылавічах. Праехаць па ёй нядзельным вечарам на ўпрыгожаным возе, веласіпедзе, матаблоку ці трактары вельмі прыемна, тым больш у атачэнні сваіх сяброў і аднавяскоўцаў. А ў гэтым годзе ў свяце ўзялі ўдзел і кіроўцы легкавых аўтамабіляў. Адным словам, які транспарт ёсць у вёсцы, на тым і рухаліся пад шчырыя апладысменты жыхароў вёскі.
Ехалі з музыкай, з песнямі, з вясёлым настроем. Транспартныя сродкі былі ўпрыгожаны дэкаратыўнымі элементамі, а ў руках пасажыры трымалі Дзяржаўныя сцягі краіны. Так і павінна быць, калі на малой радзіме праходзіць мерапрыемства ў гонар вясковага жыцця, працы, дабрабыту і шчасця людзей. Хутка пачнецца масавая ўборка ўраджаю, і аграгародок заціхне, сяляне будуць старанна працаваць на палях і зернетаках. А пакуль у гэты цудоўны нядзельны вечар можна было з карысцю адпачыць, набрацца сіл і добрага настрою, пасвяткаваць з землякамі, паразмаўляць, парадавацца за артыстаў.
Вуліца Міру ў Курылавічах вельмі доўгая, ці не з кіламетр, экіпажы ехалі паволі, так што за дарогу праспявалі пад акампанемент розных музычных інструментаў не адну задушэўную песню.
На пляцоўцы ля ўстановы культуры ў цяні высокіх дрэў адбыўся канцэрт у выкананні аматарскіх калектываў з Курылавіч, Вялікіх Азёрак і Галубоў. Яны дружаць паміж сабой, ездзяць адзін да аднаго ў госці з канцэртнымі выступленнямі, як і ў цэлым сяляне, бо гэта ж адно сельгаспрадпрыемства. Разам працуюць, разам і адпачываюць.
Музычныя нумары былі на самы патрабавальны густ.Тут і любімыя песні мінулых гадоў, і сучасныя кампазіцыі, танцы, і нават тэтральная пастаноўка ў выкананні курылавіцкіх артыстаў па матывах беларускіх народных казак. Дзіва што на пляцоўцы пад цяністымі дрэвамі часта раздаваліся апладысменты.
Так падтрымліваў самадзейных артыстаў разам з іншымі гледачамі і дырэктар Мастоўскага раённага цэнтра культуры Сяргей Фядотаў.
--Мерапрыемства цікава праходзіць тады, калі яно добра падрыхтавана,-- сказаў пазней Сяргей Аляксеевіч.—Тут патрэбна аддаць належнае арганізатарскім здольнасцям Галіны Саўчук. Паглядзіце, у тэатралізаваным шэсці на розных відах транспарту прымалі ўдзел не толькі жыхары суседніх вёсак, напрыклад, з Нацкава, але і з Дзярэчына. На свяце кулылавіцкія артысты выступалі разам з калегамі з Вялікіх Азёрак і Галубоў. Кожны калектыў падрыхтаваў сваю праграму, а разам атрымалася вельмі цікава і разнастайна. Добра таксама, што ў мерапрыемстве прымала ўдзел шмат моладзі. Якія запальныя танцы яны танцавалі, колькі на іх рахунку апладысментаў! Маладое пакаленне павінна ведаць традыцыі сваёй малой радзімы, прымаць удзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца тут. Тады сэрцам і душой адчуюць прыгажосць роднага краю, будуць любіць месца, дзе жывуць.
-- Мяне нашы, азёркаўскія і галубоўскія артысты сваімі песнямі расчулілі да слёз, кранулі за душу, вельмі ўжо хораша спявалі,-- сказала мясцовая жыхарка Алена Шарай.—Маю ўжо дзевяноста два гады, а калі ў вёсцы загучала музыка, пачалося прадстаўленне, вырашыла, што і я пайду на свята. Як добра, што пабывала на гэтым прадстаўленні, які светлы настрой пануе ў душы!
По материалам сайта районной газеты "Зара над Нёманам"