Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Ад лёну зярняці да белых палотнаў. Музей “Лес і чалавек” запрашае мастаўчан на выстаўку

06.02.2023
Ад лёну зярняці да белых палотнаў. Музей “Лес і чалавек” запрашае мастаўчан на выстаўку
 З 1 лютага і па 31 сакавіка ў выставачнай зале Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек” ладзіцца сумесная з Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеем выстаўка. Чым яна адметная і чаму прысвечана?

Ці ведаеце вы, што такое ручнік-абыдзеннік і навошта дзяўчыне патрэбна было мець каля двух тузінаў ручнікоў? Чым у даўніну фарбавалі льняную тканіну, што такое карункі і пры чым тут кардынал Рышэлье? Здагадаліся? Так, гаворка пойдзе пра доўгі шлях ад ільнянога зярняткі да палатнянай кашулі, ручніка ці абруса, якімі карысталіся нашы прабабулі, карыстаюцца зараз і будуць карыстацца беларусы ў будучым.

– Маленькі, сухенькі, а ўсіх апранае – што гэта? Правільна, лён – адна з першых раслін, якую чалавек пачаў вырошчваць амаль 6 тысячагоддзяў таму назад. Аднак працэс ператварэння маленькага зярняці ў прыгожую рэч – працэс доўгі і працаёмкі. Сяўба, праполка, вырыванне, прасушванне, абіванне і абрыванне, трапанне, фарбаванне – каб толькі пералічыць усе этапы, і пальцаў на руцэ не хопіць, – расказвае навуковы супрацоўнік музея Марына Жвірбля.

Дарэчы, каб вы ведалі, у якасці фарбаў для пражы ці тканіны нашы продкі выкарыстоўвалі розныя расліны. Так, сіні колер атрымлівалі з кветак валошак, жоўты – з кораня конскага шчаўя ці адвару чыстацела і пупышак таполяў. Чырвоны здабывалі з кары рабіны ці кветак і лісцяў зверабою, а чорны колер даваў адвар алешыны і бруснічніку.

– Калі ніткі былі падрыхаваны, пачыналі ткаць палатно. Часцей за ўсё за кросны садзіліся ў пост, бо лічылася, што ў гэты час цела і душа ачышчаюцца ад бруду, думкі напаўняюцца дабром і спакоем. Да гэтага рамяства дзяўчынак далучалі з  8-9 гадоў. А ў 16-гадовым узросце дзяўчына павінна была не толькі ўмець добра кудзелю прасці, ткаць, вышываць, выплятаць карункавыя ўзоры, але і рыхтаваць сабе пасаг да вяселля. У куфары павінны былі быць саматканыя посцілкі, абрусы, паясы, сурвэткі. І пра два тузіны (тузін – гэта 12 штук) ручнікоў у ім – зусім не жарт, – распавядае далей Марына Сяргееўна. – Падчас вяселля нявеста адорвала імі сватоў і родзічаў жаніха. Гэтымі ручнікамі павязваліся сваты і дружкі, калі ехалі да вянца. На ручнік маладыя станавіліся ў царкве падчас вянчання. Калі маладая прыходзіла ў дом свекрыві, то замяняла ўсе ручнікі на свае.

Ручнікі – гэта культурныя помнікі нашай зямлі, абярэгі, спадарожнікі жыцця і паказальнікі дабрабыту нашага народа. Таму вялікая ўвага на выставе надаецца гэтаму атрыбуту. Перад тым як трапіць у музей, кожны з іх займаў пачэснае месца ў хаце. Больш сціплыя для штодзённага ўжывання (ручнікі-абыдзеннікі) і прыгожыя, аздобленыя вышыўкай і карункамі, якія ўжываліся ў святы. Колеры і вышытыя ўзоры на іх маюць не толькі эстэтычнае, але і сімвалічнае значэнне. Напрыклад, чырвоны колер на ручніку сімвалізуе жыццё і ахоўвае ад злосных сіл. Птушкі, якія ідуць адна да другой, – гэта не што іншае, як пачатак кахання, хрызантэма атаясамліваецца з вечнасцю, незабудка – з памяццю, а бэз – з дабрынёй.

У якасці аздаблення ручніка выкарыстоўваліся вязаныя шыдэлкам карункі. Адным з самых прыгожых і дарагіх відаў ажурнай вышыўкі быў “рышэлье”. Яго яшчэ называлі гарадскім. Дарэчы, сваёй назвай ён сапраўды абавязаны ўсемагутнаму кардыналу Рышэлье. Па адной з версій лічыцца, што знакаміты палітычны дзеяч быў прыхільнікам італьянскай вышыўкі. Па другой –  ён увёў вілікія пошліны на тавары, якія ўвозіліся, і тым самым садзейнічаў з’яўленню школ-майстэрняў. А па трэцяй версіі – і сам кардынал меў ахвоту вышыць які-небудзь адмысловы ўзор… Валодалі гэтым майстэрствам і нашы прабабулі, аб чым сведчаць унікальныя экспанаты.

І гэта далёка не ўсё, пра што можа расказаць вам выстаўка ў музеі “Лес і чалавек”. Прынамсі, для вучняў 1-4 класаў супрацоўнікі распрацавалі музейна-педагагічны занятак “Чароўны лён – сіні агонь”. А школьнікаў 5-9 класаў запрашаюць адкрыць таямніцы беларускага ручніка на аднайменным занятку. 

Па матэрыялах сайта раённай газеты "Зара над Нёманам"

© Мастоўскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.