Ёсць шмат краін у свеце, але толькі пад небам Бацькаўшчыны ты зможаш знайсці сваё месца
12.10.2020
З мэтай выхавання любові і павагі да народа, Радзімы, гістарычнага мінулага Айчыны, прывіцця павагі да сімволікі сваёй краіны, фарміравання пачуцця патрыятызму, асноў прававой, палітычнай культуры, пачуцця ўласнай годнасці і ўсведамлення сябе грамадзянінам сваёй Айчыны ў 8 класе дзяржаўнай установы адукацыі “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” прайшла класная гадзіна “Сімвалы Рэспублікі Беларусь”.
“Якая яна, мая зямля?” – над гэтым пытаннем разважалі вучні. Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вачыма васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што звіняць ад птушыных спеваў, і пушчы, дзе горда нясуць свае кароны алені. Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыбы на захадзе сонца, і гэта азёры, чыстыя, як усмешка дзіцяці. “Ёсць шмат краін у свеце, але толькі пад небам Бацькаўшчыны ты зможаш знайсці сваё месца, у поўнай меры раскрыць свае творчыя здольнасці, прынесці найбольшую карысць грамадству і адчуць сябе па-сапраўднаму шчаслівым”, – упэўнены выхаванцы.
Як вядома, кожная краіна мае свае сімвалы, тое, чым можна ганарыцца, што з'яўляецца адметнай асаблівасцю краіны. Кожны ведае, што бусел – сімвал роднай Беларусі. Чаму яго лічаць сімвалам Беларусі? Іх вельмі шмат у нашай краіне. Расправіўшы белыя ветразі крылаў, яны планіруюць над нашай зямлёй. Таму яе так і называюць – «зямля пад белымі крыламі». А яшчэ сімвалам нашай зямлі лічаць зубра – гаспадара Белавежскай пушчы. Гэта нацыянальныя сімвалы.
Аднак Рэспубліка Беларусь, як і ўсе незалежныя дзяржавы, мае дзяржаўныя сімвалы. Дзеці гаварылі аб тым, што герб нашай краіны – гэта яркая і запамінальная кніга пра беларускі народ. У гербе адлюстраваны асноўныя нацыянальныя духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, імкненне да ўдасканалення сваёй асобы і ўсяго грамадства, міралюбства і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і суверэннасць. Кожны вучань разумее, што беларускі сцяг расказвае гісторыю беларускага народа, кліча да ажыццяўлення самых высокіх памкненняў: да свабоды, росквіту і сяброўства народаў. “Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту. Тэкст гімна выказвае стаўленне народа нашай краіны да іншых народаў, да сваёй Радзімы і суайчыннікаў”, – разважалі навучэнцы.
“А колькі разоў гучаў гімн Беларусі ў гонар лепшых спартсменаў – удзельнікаў Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнаў Еўропы, прызёраў чэмпіянатаў свету, уладальнікаў Кубка свету, шматразовых пераможцаў нацыянальных першынстваў!” – ганарова паведамлялі выхаванцы і называлі імёны вядомых ім спартсменаў.
Герб, сцяг і гімн лічыліся і лічацца вышэйшымі сімваламі народа і шануюцца гэтак жа, як роднае слова, родны дом, родная культура і звычаі, сімвалізуюць для кожнага чалавека, для кожнага грамадзяніна Радзіму.
Пісьменнік П. А. Паўленка казаў: “Патрыёт – гэта той, хто ў цяжкія хвіліны для Радзімы бярэцца за самыя цяжкія справы”. Быць годным чалавекам, грамадзянінам і патрыётам сваёй краіны зусім не складана. Для гэтага не абавязкова кожны дзень здзяйсняць подзвігі, проста кожны свой учынак трэба ўзважваць на вагах дабрыні, любові і справядлівасці.
Галіна ГАЛАВЕНКА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 8 класа дзяржаўнай установы адукацыі «Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа».