Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Подых гісторыі і памяць сэрца ў знакавых мясцінах Беларусі: вандроўка выхаднога дня журналіста раённай газеты “Зара над Нёманам”

22.06.2023
Подых гісторыі і памяць сэрца ў знакавых мясцінах Беларусі: вандроўка выхаднога дня журналіста раённай газеты “Зара над Нёманам”
 Штогод, як толькі прыгрэе летняе сонейка і ва ўсіх супадзе выхадны, мы сям’ёй адпраўляемся ў падарожжа па роднай краіне. Адкрываем для сябе цікавыя мясціны, назапашваем новыя веды, захоўваем у сэрцы яркія эмоцыі і ўспаміны, а ў сямейным фотаальбоме – новыя здымкі. Сёлета знаёмства з Сінявокай працягнулася наведваннем гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна” і мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.

Подых гісторыі

Так склалася, што наша вандроўка выхаднога дня супала з надыходзячым Днём пагранічнікаў. Таму праграма, што ладзілася ў гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна”, была прысвечана 105-годдзю пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

А паглядзець і сапраўды было што. Кожны жадаючы меў магчымасць не толькі пазнаёміцца з узорамі ўзбраення і сучаснымі сродкамі сувязі пагранічных войск Беларусі, але і даведацца аб іх характарыстыках, патрымаць рацыю і зброю ў руках, зрабіць памятныя фотаздымкі ў бронежылеце, вага якога, дарэчы, складае каля 8 кілаграмаў.

Асабліва зацікавіла гледачоў паказальнае выступленне курсантаў Інстытута пагранічнай службы з элементамі рукапашнага бою. Павагу выклікаў той факт, што нараўне з падцягнутымі і фізічна моцнымі хлопцамі навыкі самаабароны ўмела дэманстравалі і дзяўчаты.

Немагчыма апісаць словамі тое відовішчнае дзеянне, якое адбывалася на пляцоўцы падчас плац-парада роты ганаровага каравула пагранічных войскаў. Зладжанасць і дакладнасць рухаў, даведзеная да аўтаматызму, страявая выпраўка і бездакорнасць ва ўсім – салдаты вайсковай эліты заслужылі захапляльныя воклічы гледачоў і іх дружныя апладысменты.

Немагчыма ўявіць пагранічнікаў і без іх верных памочнікаў – службовых сабак. Таму адным з пунктаў святочнай праграмы стала выступленне спецыялістаў-кінолагаў і іх разумных і надзейных чацвераногіх сяброў.

Яркія і незабыўныя эмоцыі пакінула ў памяці ваенна-гістарычная рэканструкцыя. Гледачы атрымалі магчымасць “перанесціся” на некалькі дзясяткаў гадоў назад і спачатку стаць сведкамі падзей 1939 года – уз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, а затым – трагічнага пачатку Вялікай Айчыннай вайны і  самаадданай абароны адной з пагранічных застаў. Эпізоды дэмаркацыі і аховы новай мяжы, наладжвання мірнага жыцця і ранак 22 чэрвеня 1941 года, які смяротным выбухам фашысцкага снарада перакрэсліў мірныя сны і мары беларусаў, – гэта трэба пабачыць кожнаму…

Гонар і годнасць, нязломная воля і самадданасць доўгу, гатоўнасць да самаахвярнасці пагранічнікаў дазволілі абараніць рубяжы Радзімы і заклалі аснову Вялікай Перамогі.

Сэрца ірве на часткі

Калі я запытала свайго 14-гадовага сына, які ўпершыню наведаў мемарыяльны комплекс “Хатынь”, якія пачуцці ў яго пакінула гэтае гістарычнае месца, ён адказаў коратка, але ёмка: “Страх”.

Так, страх, які пранізвае, здаецца, да самых касцей. А яшчэ сум, туга і нясцерпны боль ад таго, што тут загінулі ні ў чым не павінныя людзі: старыя, малыя, жанчыны. Яны згарэлі жывымі. І матулі не маглі абараніць, не маглі нічым дапамагчы сваім дзецям, а толькі ціхенька супакойвалі, што хутка боль суціхне… Да горла падступае камяк… Тут многія плачуць… Нават моцныя мужчыны не сорамеюцца таго, што па шчацэ спаўзае сляза… Тут немагчыма не плакаць…

Як немагчыма не напалохацца, не здрыгануцца ад тужлівага звону, што разносіцца па наваколлі. Гэта не толькі памяць аб загіўшых, але і напамін нам, хто жыве зараз, што гэта было, было насамрэч і больш проста не можа паўтарыцца.

На мемарыяльным знаку адроджаных вёсак “Дрэва жыцця” сярод назваў населеных пунктаў, якія былі знішчаны фашыстамі разам з жыхарамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і аднавіліся, адшукваем знаёмую – Княжаводцы. Гэта незагойная рана нашай Мастоўскай зямлі, дзе нацысты таксама пакінулі свой чорны след у выглядзе шасці спаленых вёсак і магіл іх жыхароў.

Сэрца ірве на часткі і інтэрактыўная экспазіцыя новага музея, што быў адкрыты тут да 80-годдзя Хатынскай трагедыі. Па задумцы аўтараў, экспанатаў у музеі няшмат, але кожны з іх па-асабліваму ўздзейнічае на розум і душу. Ды так моцна і эмацыянальна, што забыць гэта ўжо немагчыма.

Напаўпразрыстая фігура маладой дзяўчыны перад шыбеніцай, што стала яшчэ адным сімвалам Хатыні. Правобразам яе з’яўляецца юная падпольшчыца Кіма Кламбоцкая, якая ў маі 1942 года спрабавала падарваць варожы эшалон, аднак была схоплена фашыстамі і пасля зверскіх катаванняў павешана на базарнай плошчы…

Інсталяцыя на падлозе ў выглядзе крыві, якая струменіцца па ўсіх залах музея. І хоць загартаванае шкло вытрымлівае чалавечую вагу, ступаць на яго рэальна страшна, каб не праваліцца ў чырвоную раку…

Аднак самыя моцныя эмоцыі перажываеш у зале, стылізаванай пад хлеў, ахоплены агнём. Абвуглены зруб, патрэскванне паленняў, эфект “жывога” агню, калодзеж з яго чорным нутром, куды фашысты часта скідвалі трупы… Хочацца хутчэй знайсці выхад і выйсці, бо такое пачуццё, што агонь хутка дасягне мэты і ты, як і жыхары Хатыні і соцень іншых беларускіх вёсак, знікнеш у яго полымі назаўсёды…

Тут трэба пабываць кожнаму беларусу, каб ведаць, каб памятаць, каб перадаць дзецям і ўнукам!

© Мастоўскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.