Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Дзякуючы «зялёным школам» усё больш людзей далучаюцца да экалагічнага руху

29.04.2024
Дзякуючы «зялёным школам» усё больш людзей далучаюцца да экалагічнага руху

У 2018 годзе стартаваў праект «Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні». Дзякуючы яму ва ўсіх рэгіёнах краіны ўсё больш неабыякавых юных і сталых беларусаў далучаюцца да экалагічнага руху.

 

Школа юных эколагаў

 

Развіццё сістэмы экалагічных школ у нашай краіне пачалося ў 2010 годзе ў рамках праекта ПРААН «Павышэнне экалагічнай інфармаванасці моладзі праз заснаванне і развіццё «зялёных школ» у Беларусі». Некаторыя ўстановы адукацыі пачалі дзейнічаць у гэтым кірунку, былі распрацаваны метадычныя матэрыялы, праведзены семінары для педагогаў. А ў 2013 годзе зацверджана Палажэнне аб рэалізацыі адукацыйнага праекта «Зялёныя школы», і да яго сталі далучацца новыя ўдзельнікі. У 2014 годзе 47 з іх быў прысвоены статус «Зялёная школа».

 

Новы імпульс для развіцця экашколы атрымалі ў 2018 годзе ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.

 

Сёння статус «Зялёная школа» маюць 155 устаноў (арганізацый) у краіне і больш за 300 рэалізуюць гэты адукацыйны праект. Фота ПРААН.

Сёння статус «Зялёная школа» маюць 155 устаноў (арганізацый) у краіне і больш за 300 рэалізуюць гэты адукацыйны праект. Фота ПРААН.

 

 

— Наш праект уключае шмат розных напрамкаў, адзін з якіх — развіццё сеткі «зялёных школ» у Беларусі. Праграма аднайменнага факультатыву зацверджана Міністэрствам адукацыі. Яна ахоплівае практычна ўсе асноўныя экалагічныя тэматыкі — абыходжанне з адходамі, біяразнастайнасць, вода- і энергазберажэнне і інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы, — расказала кіраўнік праекта Вольга ЧАБРОЎСКАЯ. — На сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства можна запоўніць спецыяльную форму і далучыцца да нас. Самыя актыўныя, хто выканаў дасланыя заданні па ўсіх кірунках, атрымаюць сертыфікат «Зялёнай школы».

 

У краіне створаны і працуюць 11 рэсурсных цэнтраў па рэалізацыі адукацыйнага праекта, функцыю галоўнага з іх выконвае Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Рэсурсныя цэнтры дапамагаюць прасоўваць канцэпцыю «зялёных школ» у рэгіёнах, даюць школьнікам і педагогам магчымасць знайсці цікавыя і карысныя звесткі па тэматыцы праекта.

 

Сачыць за наваколлем — адказная справа

 

Дзякуючы праекту ў кожнай вобласці і Мінску было створана і функцыянуе сем клубаў экалагічнага маніторынгу на базе «зялёных школ». Яны працуюць ва ўзаемадзеянні з рэспубліканскімі і рэгіянальнымі рэсурснымі цэнтрамі, Рэспубліканскім цэнтрам па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Белгідраметам), абласнымі камітэтамі і раённымі інспекцыямі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Клубы экалагічнага маніторынгу аб'ядноўваюць намаганні ўстаноў адукацыі, валанцёраў, грамадскіх эколагаў, органаў мясцовай улады, грамадскіх арганізацый у вырашэнні экалагічных праблем рэгіёнаў.

 

З дапамогай праекта ў 2019 годзе клубы і рэсурсныя цэнтры атрымалі базавае абсталяванне для правядзення экалагічнага маніторынгу — гэта снегамерныя рэйкі, метэастанцыі, pH-метры, кандуктометры, газааналізатар і ападказбіральнікі. На вучэбнай метэастанцыі можна вызначаць атмасферны ціск, напрамак і хуткасць ветру, тэмпературу і вільготнасць паветра, колькасць вадкіх ападкаў.

 Для збору і апрацоўкі даных таксама выкарыстоўваецца электронная анлайн-платформа eco-school.by, куды трапляе інфармацыя ад усіх 18 пілотных пляцовак: сямі клубаў экалагічнага маніторынгу і адзінаццаці рэсурсных цэнтраў па ўсёй краіне. Атрыманымі данымі юныя эколагі дзеляцца са спецыялістамі Белгідрамета. Так дзеці разам з дарослымі вучацца пазнаваць наваколле і берагчы яго.

Па матэрыялах газеты "Звязда"

© Мастоўскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.