Главная / Новости / Новости района
27.11.2023

Праект Лунненскай сярэдняй школы стаў пераможцам ІХ Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня

 ІХ Рэспубліканскі конкурс на лепшы праект па арганізацыі    шостага школьнага дня праходзіў у нашай краіне з верасня па лістапад 2023 года па трох намінацыях “У імя міру і стварэння”, “Шосты дзень заўсёды ў модзе”, “Шосты дзень – ад ідэі да ўвасаблення”. Мэтай конкурсу з’яўлялася ўдасканаленне работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па арганізацыі шостага школьнага дня. У адборачных турах прыняло ўдзел больш за тысячу праектаў з усіх рэгіёнаў краіны, да фіналу дайшла 21 работа. Сярод іх і праект “Нельга забыць! Нельга маўчаць!” дзяржаўнай установы адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета”. Аўтарамі праекта з’яўляюцца Ларыса Эйсмант, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, Алена Чэрнік, настаўнік інфарматыкі, Алена Лука, Жанна Гаспер, настаўнікі, якія выконваюць функцыі класных кіраўнікоў.

Праект рэалізоўваўся ў 2022/2023 навучальным годзе і быў накіраваны на вывучэнне гісторыі малой радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У ім былі задзейнічаны вучні 8-11 класаў. Удзельнікамі праекта здзейснены экскурсіі па  малой радзіме, праведзена даследчая праца па генацыдзе беларускага народа на тэрыторыі Лунненскага краю: вывучаны архіўныя дакументы музеяў устаноў адукацыі, дакументы Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, інфармацыя з Інтэрнэт-сайтаў. Валанцёрамі аказвалася дапамога вязням фашысцкіх канцлагераў. Прадуктамі даследчай дзейнасці праекта шостага школьнага дня сталі выпуск кнігі “Повязь часоў праз лёсы людзей” і альбома “Нельга зразумець! Нельга апраўдаць! Нельга дапусціць!”, створана старонка праекта на сайце ўстановы адукацыі, народны музей баявой славы папоўнены экспазіцыяй “Нельга зразумець! Нельга апраўдаць! Нельга дапусціць!”.  

15-16 лістапада 2023 года прайшоў заключны этап конкурсу.

Абарона  праекта была прадстаўлена ў выглядзе выпуску тэленанавін “Гродна”. Карэспадэнт, ролю якога выконвала вучаніца 10 класа Дар’я Сідар, вяла прамы рэпартаж з месца здымкаў трохсерыйнага дакументальнага фільма, які быў прысвечаны генацыду беларускага народа на тэрыторыі Лунненскага краю.  У першай серыі “Нельга зразумець!” сродкамі тэатралізацыі быў асвечаны трагічны шлях жыхароў Лунна яўрэйскага паходжання. Ролю Эліазэра Эйзэншмідта, якому ўдалося выжыць у жудасных умовах Асвенціма, выконваў Раман Аўдзееў, вучань 9 класа. Другая серыя “Нельга дапуціць!” расказала пра трагічны лёс спаленай вёскі Княжаводцы. Сведкам той страшнай трагедыі стала Марыя Кавальчук, якая, прасядзеўшы некалькі дзён у жыце каля вёскі, засталася жывой. Выдатна справілася з роллю  Эмілія Кудрык, вучаніца 11 класа. У трэцяй серыі “Нельга апраўдаць!” быў адлюстраваны лёс вязняў фашысцкіх канцлагераў, якія пражываюць на тэрыторыі Лунненскага сельскага Савета. Ірына Іванаўна Сідар, музычны кіраўнік школы,  сыграла ролю Еўдакіі Сцяпанаўны Сівук, былога вязня канцлагера. Еўдакія Сцяпанаўна з болем у сэрцы падзялілася сваімі ўспамінамі пра той жудасны час з валанцёрамі школы: яна, зусім маладая дзяўчына, працавала на прымусовых работах у нямецкім горадзе Штутгарт. Вучні школы Ліяна Бобча і Ілья  Базарскі  з’яўляліся членамі пошукавага і валанцёрскага атрадаў, членамі ваенна-патрыятычнага клуба, дапаўнялі відавочцаў падзей  фактамі, якія былі атрыманы   ў ходзе дзейнасці праекта. Уся работа вучняў, іх бацькоў і педагогаў па праекце  суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй.

Прыемна адзначыць, што праца па праекце не прайшла дарэмна. Вучні школы не толькі папоўнілі свае веды па гісторыі малой радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але і змаглі  выдатна прадставіць вынікі сваёй працы на заключным этапе. Мы сталі пераможцамі ІХ Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі  шостага школьнага дня і  атрымалі за гэта спецыяльны прыз – сертыфікат на 10 пуцёвак на адну з вучэбных змен  2024 года  ва ўстанову адукацыі “Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўляльны цэнтр  “Зубраня”, а яшчэ ўзнагароджаны дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі “У імя міру і стварэння”.