Главная / Новости / Новости района
18.10.2024

У тыдзень бацькоўскай любові ў Мастоўскім музеі “Лес і чалавек” адбылося цёплае мерапрыемства

 У тыдзень  бацькоўскай любові ў Мастоўскім музеі “Лес і чалавек” адбылося цёплае мерапрыемства, на якім шматдзетным сем’ям былі ўручаны пасведчанні.

Сям’я – самае галоўнае ў жыцці кожнага чалавека. Дзякуючы менавіта ёй, асоба пазнае свет, фарміруюцца і развіваюцца чалавечыя якасці, захоўваюцца традыцыі, маральныя і духоўныя каштоўнасці. Невыпадкова ў нашай краіне адзначаецца Тыдзень бацькоўскай любові. Дзень маці пачынае гэты тыдзень, а дзень бацькі яго закрывае. Бацькі  для кожнага дзіцяці – гэта тыя крылы, што надаюць моц і сілы, трымаюць у цяжкія хвіліны і ўздымаюць у час радасці, – падкрэсліла дырэктар музея Наталля Пуцілоўская, адкрываючы мерапрыемства.

Для сям’і самая значная і незабыўная падзея ў жыцці – нараджэнне дзіцяці. Гэта разумее і дзяржава, таму аказвае ўсебаковую дапамогу праз розныя сацыяльныя выплаты.  Пад пільнай увагай краіны знаходзяцца шматдзетныя сем’і. На Тыдні бацькоўскай любові ў Мастоўскім райвыканкаме было прынята чарговае рашэнне аб выдачы пасведчання шматдзетнай сам’і. І ў гэты дзень ва ўрачыстай абстаноўцы намеснік райвыканкама Марына Давыдзік уручыла іх чатыром сем’ям: Ганне і Вадзіму Барысевічам, Шахнозе і Паўлу Дзябёла, Святлане і Мікалаю Палубочак, Марыі і Андрэю Янюк.

Паважаныя бацькі. Прыміце словы віншавання са святамі, прысвечанымі Дню маці і Дню бацькі. Насамрэч беларусы заўсёды паважалі бацькоў, бераглі сямейныя каштоўнасці. І сёння мы з вялікай павагай адносімся да старэйшых, да нашых продкаў і беражом традыцыйныя каштоўнасці. Мы вельмі задаволены і з вялікай радасцю ўспрымаем навіну аб нараджэнні трэцяга дзіцяці ў сем’ях, якія звяртаюцца ў райвыканкам за выдачай пасведчання шматдзетнай сям’і. Няхай вашы дзеці растуць здаровымі, цешаць вас сваімі поспехамі, – павіншавала Марына Осіпаўна.

На памяць аб гэтай важнай падзеі кожнай сям’і дырэктар ЦСАН Алена Мялешка ўручыла падарункі. А затым і дзеці, і дарослыя прынялі ўдзел у гульнях і забаўках, якія падрыхтавалі супрацоўнікі музея.

Але, як гэта традыцыйна заўсёды бывае ў беларусаў, ні адна гульня не абышлася без гістарычнага экскурсу ў мінулае нашых продкаў. Бацькі ўспомнілі, а дзеці даведаліся аб тым, як жылі нашы продкі ў беларускіх вёсках, як выхоўвалі дзяцей, якая народная мудрасць аб сям’і і сямейным выхаванні змяшчаецца ў прыказках і прымаўках, гульнях і святах, звычаях і паданнях.

А якое задавальненне выклікаў майстар-клас па вырабу лялькі з двух адрэзкаў тканіны, які правяла мастак-афарміцель Ганна Здановіч. Спачатку дзеці ўважліва сачылі за рукамі мастачкі, а потым самі рабілі ляльку, якую асцярожна схавалі ў матулінай сумцы, каб занесці яе дадому.

А напрыканцы мерапрыемства гасцей чакаў сюрпрыз. Супрацоўнікі музея прапанавалі пакаштаваць спецыяльна прыгатаваныя да гэтай сустрэчы гарбату з зёлак і хатні хлеб, якія былі на стале нашых продкаў кожны дзень. На жаль газетныя старонкі не могуць перадаць той пах, які зыходзіў з гарбаты, і той смак, які адчувалі падчас снядання. Але кожны ў гэты момант адзначыў, што ў паветры вітаў водар бацькоўскай хаты, дзе заўсёды бацькі чакаюць сваіх дзяцей і гатовы накарміць, абагрэць, выслухаць і дапамагчы.

Нашы бацькі – нашы крылы. І колькі б гадоў ні было чалавеку, ён шчаслівы, калі ў яго жывыя бацькі, калі ёсць два крылы за спіной. Беражыце сваіх бацькоў, захоўвайце сямейныя традыцыі і каштоўнасці, выхоўвайце дзяцей здаровымі, мужнымі, адукаванымі і культурнымі. Няхай у кожнага як мага даўжэй будзе два крылы.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Ірына БОЧКО

Фота аўтара