19.02.2021
Будзь у трэндзе – размаўляй па-беларуску. Як на Мастоўшчыне праходзіць тыдзень роднай мовы
Бягучы тыдзень ў нашай краіне праходзіць пад знакам Дня роднай мовы , які адзначаецца 21 лютага. Шмат адукацыйных і пазнавальных мерапрыемстваў запланавана на гэты час.
Адно з іх – урок-турнір знаўцаў роднай мовы “Беларуская мова – мелодыя сэрца” у сярэдняй школе №3 г. Масты – нам давялося наведаць
– Роднае слова – люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Мова – наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і павінны перадаць наступным пакаленням. Хто хоць раз пачуў беларускую мову, не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці, – такімі словамі пачала ўрок беларускай мовы ў 5 класе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Маргарыта Харытонава. Яна вітала хлопчыкаў і дзяўчынак пад беларускія народныя песні ў класе, прыбраным у народным стылі.
З мэтай фарміравання маўленчай культуры вучняў, настаўніца прапанавала ім паўдзельнічаць у падарожжы, выканаць цікавыя заданні: адгадваць загадкі, рэбусы-задачкі, пазнаёміцца з беларускімі песнямі і паразважаць, навошта вывучаць родную мову.
У якім слове 100 зычных? Прозвішча якога пісьменніка гучыць як назва колеру? Якія народныя сімвалы нашай краіны вам вядомы? Тут спаборнічалі дзве каманды: “Ажыны” і “Суніцы”. Нікому не было часу сумаваць.
Якія вынікі дзеці зрабілі з гэтага ўрока? Даведаліся новыя словы на роднай мове, навучыліся працаваць ў камандзе, а самае галоўнае – зразумелі, штэ трэба ведаць беларускую мову, ганарыцца ёю, не губляць каранёў і не цурацца сваёй спадчыны.
І гэта не адзінае мерапрыемства, прысвечанае тыдню роднай мовы ў сярэднай школе №3.
Вучні арганізавалі кніжную выставу “Вялікія майстры слова”, прысвечаную пісьменнікам-юбілярам: Кандрату Крапіве, Івану Мележу, Івану Шамякіну. Прымалі ўдзел у конкурсе малюнкаў “Па старонках беларускіх казак”, акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”, буктрэйлеры “Чытаем беларускіх класікаў”. З задавальненнем вучні здымалі відэаролікі для абласнога чэленджа “Мова”. Першы ўдзельнік пачынаў верш, а працягнуць яго прапаноўваў наступнаму, каму передаваў эстафету. Напрыканцы тыдня выбіралі лепшага чытальніка вершаў беларускіх паэтаў.
Цікава было і ў Азёркаўскай сярэдняй школе. Як паведаміла настаўнік беларускай мовы і літаратуры Таццяна Галавач, на працягу тыдня для вучняў былі падрыхтаваны пазнавальныя і займальныя мерапрыемствы. Дэвізам тыдня сталі словы: “Мова родная – мова модная!” і “Будзь у трэндзе – размяўляй па-беларуску!”. Адбыўся захапляльны турнір знаўцаў рускай мовы і літаратуры “Падарожжа ў краіну Філалогію”, гульня-КВІЗ “Хто лепш ведае нямецкую мову?”. Шмат удзельнікаў сабралі акцыі “Смак роднай мовы” і “Буккросінг: чытаем на роднай мове”. Вучні працавалі над стварэннем буктрэйлераў “Чытаем беларускіх класікаў”, інтарэс выклікала квэст-гульня “Фальклор, фальклор – душа народа…” Удзельнічалі хлопцы і дзяўчаты ў конкурсе чытальнікаў баек Кандрата Крапівы. Захапляльнымі былі ў школе фэст веснавых абрадаў, кірмаш і тэатралізаванае прадстаўленне.
Праходзяць стагоддзі, а наказ Францішка Багушэвіча: “Не пакідайце мовы беларускай” актуальны і сёння.