Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Мастоўскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
19.07.2023

І помніць страшна, і забыць нельга. Пра трагедыю вёскі Княжаводцы расказваюць відавочцы

  У гады Вялікай Айчыннай вайны жыхары мастоўскай вёскі   Княжаводцы   не скарыліся ворагу, актыўна дапамагалі партызанам.  Перадавалі прадукты харчавання, адзенне, знойдзеную ў лясах зброю. А летам 1943 года побач з вёскай па дарозе на Гродна быў   знішчаны аўтамабіль з нямецкімі афіцэрамі. У якасці помсты была арганізавана  карная аперацыя. Раніцай 23 ліпеня вёску акружылі немцы, а жыхароў сагналі ў дзве пабудовы на ўскрайку.  Іх затым падпалілі, а людзей расстралялі, маёмасць разрабавалі. Каля дваццаці жыхароў вёскі змаглі пазбегнуць расстрэлу. Успаміны іх аб гэтай жудаснай трагедыі ў Княжаводцах знаходзяцца у Дубненскай сельскай бібліятэцы, якой загадвае Наталля Кіслая.  Наталля Міхайлаўна аказала садзеянне ў  публікацыі некаторых з іх. Алена Слуцкая (дзявочае прозвішча Біліда), былая жыхарка Княжаводцаў: – Летам 1943 года мне споўнілася пятнаццаць гадоў. У нашай сям’і было яшчэ двое дзяцей. Старэйшы брат Іван быў у партызанах. Напярэдадні таго трагічнага дня бацьку забралі у Скідаль у гестапа, там дапытвалі, патрабавалі расказаць пра партызан. Але ён нікога не выдаў. А потым прыехалі да нас, вывелі на падворак і пагражалі расстраляць, калі не раскажам дзе брат і ці прыходзіць ён і іншыя партызаны ў вёску. Мы казалі, што нічога не ведаем. Калі пайшлі чуткі, што немцы будуць біць Княжаводцы, людзі пачалі вартаваць вёску па чарзе. Аднойчы нам сказалі,   што немцы ўжо збіраюцца ў лесе. У той вечар маці доўга не магла заснуць, сядзела каля акна і чула, як рухаліся  ў лес машыны. А ўжо змрокам  прыйшоў бацька. Мы, не запальваючы святла, адзеліся і пайшлі ў поле. Вёска яшчэ не была акружана. Так здарылася, што ў цемнаце я адбілася ад сваіх. Зайшла на хутар да знаёмых. А раніцай вырашыла вярнуцца ў  вёску. Тут і ўбачыла, што з лесу выходзяць немцы і акружаюць дамы. Мы з Вольгай Барадаўкай і яе дочкамі пайшлі ў Чарлёнку. Убачылі, што ў Княжаводцы едуць падводы, на іх – чужыя людзі. Тады мы пайшлі ў Сарочыцы. Я была толькі у тым, у чым выйшла з хаты, нават кавалка хлеба не мела. Прытулілі добрыя людзі. А ўсіх родных у той дзень немцы забілі. Толькі бацька застаўся жывы, бо схаваўся ў жыце. У 1944 годзе прыйшлі нашы, вярнуўся з партызанаў брат Іван. Жыццё пачало наладжвацца. Я выйшла замуж за добрага чалавека з Казакоўцаў, выхавалі з ім дваіх дзяцей. Тая жудасная трагедыя здаецца мне цяпер страшным сном. Сцяпан Крывец, былы жыхар Княжаводцаў: – Наша сям’я ў гады вайны  моцна пацярпела. Сястру Зіну вывезлі ў Германію на прымусовыя работы. Брат Іван працаваў на чыгунцы. Аднойчы знайшоў пісталет.  Яго сябры таксама мелі зброю і рыхтаваліся ісці ў партызаны. Немцы аб гэтым даведаліся і ноччу акружылі іх дамы. Івана моцна збілі, а яго трох сяброў расстралялі. Пасля гэтага выпадку многія хлопцы пайшлі ў партызаны. Раніцай 23 ліпеня да нас забегла суседка і сказала, што вёску акружаюць немцы. Наша маці ўзяла  дзяцей і пабегла хавацца да чыгункі, бо на гэтае месца яшчэ не выйшлі немцы. А бацька вярнуўся, каб узяць дзецям хлеба. Убачыў, што два немцы ходзяць па падворку і шукаюць людзей. Бацька кінуўся ўцякаць, а ворагі пачалі па ім страляць. Добра, што з ім быў наш сабака. Ён кінуўся на немцаў, яго забілі, а бацьку ў гэты час удалося ўцячы. У Княжаводцы мы ўжо больш не вярнуліся, а жылі ў родных у Чарлёне. Вельмі смуткую па забітых аднавяскоўцах. Рыгор Жук, былы жыхар Княжаводцаў: – У 1943 годзе мне было дзевяць гадоў. Наша сям’я мела сувязь з партызанамі. Там ужо ваяваў з ворагам брат маці Міхаіл Барадаўка. Маці таксама дапамагала партызанам. Яны прыходзілі да нас памыцца, узяць харчоў. За сувязь з партызанамі маці расстралялі ў Гродзенскай турме. Мы разумелі, што могуць расстраляць і ўсю сям’ю, таму былі напагатове, каб уцячы. Калі ранкам немцы пачалі акружаць вёску, у цемры пакінулі родную хату. Некалькі дзён хаваліся ў лесе, потым падаліся ў Сухінічы да родных. Памятаю, як незнаёмы чалавек вынес нам буханку хлеба і кусочак сала. Да гэтага часу баліць сэрца аб загінуушых,  але добра ўсведамляць, што ў гады вайны наша сям'я не адседжавалася ў ціхім месцы, а як магла змагалася з ворагам, як і многія жыхары Княжаводцаў. Вера Бышкала, жыхарка вёскі Княжаводцы: – Наша хата стаяла  з краю вёскі. У  сям’і было шэсць гектараў зямлі. Усе ўставалі рана, таму што трэба было жаць пшаніцу ў полі. Раніцай у той дзень старшая сястра Жэня панесла здаваць малако, а 13-гадовая Вера пасвіла жывёлу і ўбачыла, што немцы акружылі некалькі дамоў і выганяюць людзей на вуліцу. Тата адразу сказаў маме: ”Ганна, даставай нам і дзецям бялізну на смерць”. Я як пачула пра смерць, адразу кінулася да кароў, а там сустрэла суседку, якая клікала сваіх унукаў. Мы пайшлі за чыгунку да цёткі, а затым туды ж прыйшла мама з малодшай сястрой. У Княжаводцах ужо пачалі гарэць дамы і чуліся стрэлы. Балюча на ўсё гэта было глядзець. Калі ў вёсцы ўсё сціхла, мама пайшла на пошукі нашай старэйшай сястры Жэні, але знайсці яе не ўдалося. Дзяўчыну расстралялі з-за таго, што дапамагала партызанам і насіла ім ежу. Байцы клікалі яе ў атрад, але яна засталася на некаторы час дапамагчы сям’і зжаць пшаніцу. Усе, каму ўдалося ўцячы з вёскі, схаваліся ў суседніх Казакоўцах. Але праз некалькі дзён і туды прыехалі немцы. Людзі кінуліся ў лес. Калі вярнуліся ў родную вёску, убачылі спаленыя дамы і пахаваных у брацкай магіле яе жыхароў. Усю маёмасць немцы разрабавалі, як і жывёлу. Праз год немцы вярнуліся у вёску, каб паспрабаваць схаваць сляды сваіх злачынстваў. Яны раскапалі магілу і пачалі паліць расстраляных, абклаўшы трупы бярвеннямі. Зарыва было бачна на некалькі кіламетраў. Жудасны малюнак… Мы захавалі арфаграфію ўспамінаў былых  жыхароў Княжаводцаў. З іх бачна, што жылі ў вёсцы сапраўдныя патрыёты, якія ў цяжкі час паўсталі на барацьбу з ворагам, былі ў партызанах ці дапамагалі ім.  Многія   расстраляны немцамі ці загінулі ў турмах Гродна і Скідаля яшчэ да той жудаснай трагедыі, якая здарылася гарачым ліпеньскім днём. У 1958 годзе ў Княжаводцах быў устаноўлены помнік загінуўшым, цяпер ён абноўлены. Будучы на тым свяшчэнным месцы  заўсёды  хочацца сказаць: “Дарагія вы нашы! У смутку вялікім схіліўшы галовы стаім перад вамі. Памяць пра вас у нашых сэрцах назаўсёды”.