Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Мастоўскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
15.01.2024

Каб жыць шчасліва, трэба многа працаваць і дзяцей вырасціць дастойнымі людзьмі, сцвярджае ветэран працы Леанарда Сямашка

  З 92-м днём нараджэння  павіншавалі  ў Мастах ветэрана працы Леанарду Сямашка. У госці да паважанага чалавека прыйшлі намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандра Саламевіч, старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Сераброўская, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН Мастоўскага раёна Валянціна Маслоўская і яшчэ шмат  добрых людзей. Былі і музыкальнае прывітанне, і добрыя словы пажаданняў, і падарункі. Леанарда Мікалаеўна нарадзілася ў невялікай вёсцы Забалацце недалёка ад Малой Рагозніцы ў 1932 годзе. Цяжкім выпрабаваннем маленства была Вялікай Айчынная вайна. Непадалёку ад вёскі ў Парфёнавічах,  Самуйлавічах Дольных і іншых населеных пунктах немцы ўсталявалі так званыя “цолі”  – пагранічныя пункты па Зяльвянцы паміж Усходняй Прусіяй і генеральнай акругай Беларусь. Відаць, забеспячэнне гэтых невялікіх гарнізонаў ішло дрэнна, бо немцы часта наведваліся ў Забалацце за прадуктамі. Сяляне і так жылі бедна, а тут яшчэ забіралі апошняе. Мала таго, старэйшага брата Анатоля немцы вывезлі на работы ў Германію. А трох жыхароў вёскі наогул забілі. Жылі людзі ў страху, некаторыя пайшлі ў партызаны. Пасля вызвалення дваццаць вяскоўцаў пайшлі на фронт, чатыры з іх загінулі. Загінуў у Германіі і брат Леанарды Мікалаеўны. А так хацеў убачыць сям’ю, нават прасіў прыслаць фатаграфію. Усё гэта ўспомнілася яшчэ і таму, што наша краіна хутка будзе адзначаць 80-годдзе вызвалення Беларусі. Мала засталося людзей, якія памятаюць гады акупацыі, і кожнае сведчанне іх неацэнна. А як жылі пасля вызвалення? Тут у Леанарды Мікалаеўны намнога радаснейшыя ўспаміны. – Першыя гады да арганізацыі калгасаў працавалі на сваёй зямлі, – успамінае жанчына. –  Сям’я жыла дружна, шмат спраў было  ў полі. Праўда, бацька рана памёр. Так што гаспадарылі ўтраіх – маці і дзве дачкі. Усе ўмелі сеяць, жаць, касіць, малаціць. У 1950 годзе ў вёсцы быў арганізаваны калгас імя Будзённага. Неўзабаве сям’я ўступіла ў яго. Яшчэ раней у Парфёнавічах пачала працаваць сямігадовая школа. Туды і пайшла дзяўчынка ў першы клас. Настаўнік гаварыў, што да вучобы Леанарда вельмі здольная. Але па жыццёвых абставінах вучыцца доўга не прыйшлося. Працавала паляводам у калгасе імя Будзённага, а калі гаспадарку аб’ядналі  з той, што існавала ў Парфёнавічах, – у калгасе імя Дзяржынскага. А потым ужо ў аб’яднаным калгасе імя Адама Міцкевіча. За работу неаднаразова ўзнагароджвалася, мае два медалі, у тым ліку “Ветэран працы”. І яшчэ адзін светлы ўспамін грэе душу і зараз. Аднойчы пазнаёмілася з хлопцам з Песак Антонам Сямашкам. Чалавек аказаўся вельмі добрым і працавітым. Ажаніліся, праз некалькі гадоў у Забалацці пабудавалі свой дом. – Антон працаваў у гаспадарцы кавалём, але быў да ўсяго здатны, –  расказвае Леанарда Мікалаеўна. – І сталярку ведаў, і цяслярства. Так што ў доме ўсё зрабіў сваімі рукамі. У ім мы і шчасліва жылі, нарадзілі траіх дзяцей – Генадзя, Алену і Ганну. Вось у сям’і дачкі Алены ў Мастах і пражывае зараз Леанарда Мікалаеўна. Ёй тут цёпла і ўтульна. – Мама для нас заўсёды была прыкладам добрага, сціплага, працавітага чалавека,– расказвае дачка Алена Антонаўна. – Успамінаюцца зімовыя вечары, калі маці, скончыўшы свае гаспадарчыя справы, садзілася каля нас на ложак, пытала пра школьныя справы, давала парады. А калі мы ўжо спалі, яна сваімі напрацаванымі за дзень рукамі прасавала і прышывала нам на школьнае адзенне белыя каўнерыкі. І цяпер мама клапоціцца, каб у доме быў парадак, каб усё добра расло ў агародзе. І яшчэ адзін цікавы факт расказала Леанарда Сямашка. – Я вельмі люблю чытаць вашу газету, – адзначыла жанчына. –  Ніводнай старонкі “Зары над Нёманам” не пакідаю непрачытанай. А таму і ўсё ведаю: і што дзеецца ў свеце, і што ў краіне, у раёне. У мяне нават аб гэтым пытаюцца людзі, якія заходзяць да нас. – Сапраўды, мама захавала добрую памяць і ўсім цікавіцца, –  пацвярджае дачка Алена Антонаўна. – У нашай хаце нярэдка бывае многа людзей. Мама заўсёды ў цэнтры ўвагі, яна многа ведае і можа многае расказаць. Як пра сённяшнія падзеі, так і з мінулага часу. Нашы родныя і блізкія з задавальненнем слухаюць яе. У Леанарды Сямашка ёсць унукі і нават праўнукі. Нядаўна Алена Антонаўна змясціла ў рамку фотаздымак пяці пакаленняў сям’і Сямашка. Ён захоўваецца як дарагая рэліквія. Вісіць у доме і вялікі партрэт Леанарды Мікалаеўны, напісаны рукой Алены Антонаўны. І ўвогуле, партрэты родных і блізкіх знаходзяцца ў прыгожа аформленым месцы на сцяне.  Падумалася, як мудра паступаюць у гэтым доме, зберагаючы сямейныя каштоўнасці.