15.05.2020
Выпускніца Гудзевіцкай сярэдняй школы Ангеліна Эйсмант – прызёр рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры
У чацвер у Гудзевіцкую сярэднюю школу прыйшла радасная вестка: Ангеліна Эйсмант атрымала Дыплом ІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.
Вучаніца ўпэўнена ішла да сваёй мэты. У 2019 годзе яна заваявала Дыплом ІІІ ступені ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, у 2020 годзе – Дыплом І ступені ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. І вось доўгачаканая перамога! Дзяўчына дасягнула сваёй мэты!
Людзі цэняць каштоўныя камяні. Яны берагуць іх, падбіраюць прыгожую аправу, беражліва захоўваюць і баяцца страціць, а самую галоўную каштоўнасць – жыццё, часта пускаюць насамацёк. Гэтага нельга сказаць пра выпускніцу ДУА “Гудзевіцкая сярэдняя школа” Ангеліну Эйсмант. Неад’емны складнік яе жыцця – спорт!
Са слоў настаўніка фізічнай культуры і здароўя а Анджэя Занеўскага, Ангеліна з дзяцінства атрымлівала неверагоднае задавальненне ад заняткаў спортам. Пазней, акрамя асалоды і фізічнага здароўя, заняткі спортам падарылі ёй шмат цікавых людзей, з якімі яна пазнаёмілася на трэніроўках і спаборніцтвах. Кожны дзень яна знаходзіла час, каб прыйсці на трэніроўку. Там адпачывала душою пасля напружанага дня, там штодзень сябе гартавала. І вынік не прымусіў доўга чакаць. Сёння Ангеліна вельмі рада перамозе.
Няма чалавека, у лёсе якога не сыграў бы пэўнай ролі настаўнік. У жыцці дзяўчынкі такім сябрам і дарадцам стаў настаўнік фізічнай культуры Анджэй Занеўскі. Ангеліна таксама марыць стаць настаўнікам фізічнай культуры і плануе паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Дзяўчынка прызнаецца, што “Фізічная культура і здароўе” – любімы прадмет для яе ў школе. Але яна знаходзіць час, каб і па іншых прадметах займацца паспяхова.
Ангеліна лічыць, што трэба жыць так, каб жыццё ператварылася ў дзівосны факел. І гэты факел у кожнага свой. У яе – браць вяршыні ў спаборніцтвах высокага ўзроўню, жыць так, каб факел пылаў як мага ярчэй. Але ж для гэтага трэба вельмі пастарацца. Мы жадаем ёй толькі поспехаў!
Па матэрыялах сайта раённай газеты "Зара над Нёманам»