Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Мастоўскi
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны рэспублiкi

28 красавіка 2021

Першы міжнародны форум #GBC: электронны ўрад Беларусі, ІD-карткі і кабінет карыстальніка

  
 

Прэзентацыя дасягненняў і праектаў у галіне электроннага ўрада, пошук новых шляхоў лічбавізацыі і ўзаемадзеяння дзяржавы, бізнесу і грамадзян праз інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі — такія адмысловыя задачы ставіць на мэце Першы міжнародны форум #GBC (Дзяржава. Бізнес. Грамадзяне), які адбудзецца ў Мінску 28—29 красавіка. Летась у Беларусі было аказана больш як 6,5 млн электронных паслуг. Грамадзяне могуць падаваць заявы праз інтэрнэт на здзяйсненне 60 адміністрацыйных працэдур, пералік якіх у хуткім часе павялічыцца яшчэ на 16 пазіцый. А з 1 верасня ў краіне павінны запрацаваць восем біяметрычных дакументаў. Падрабязней пра асаблівасці арганізацыі форуму і пра што на ім можна даведацца, расказалі эксперты.

Жыццё ў воблачных тэхналогіях — ужо рэальнасць

Асноўная задача мерапрыемства — расказаць грамадзянам і бізнесу, як сёння ў Беларусі выглядае электронны ўрад, і выбудаваць з удзельнікамі форуму дыялог наконт таго, як улада бачыць далейшае развіццё гэтага працэсу, акрэсліў Сяргей РУДНЕЎ, першы намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП):

— Ужо сёння электроны ўрад функцыянуе на поўную моц. Пры гэтым штодня мы атрымліваем новыя выклікі па забеспячэнні камфортнага атрымання дзяржаўных паслуг і адміністрацыйных працэдур ад дзяржавы для грамадзян і ад дзяржавы для бізнесу. І статыстыка пацвярджае, што запатрабаванасць грамадзян і бізнесу ў атрыманні паслуг ад дзяржавы штогод узрастае, і наша асноўная задача ў будучыні — максімальна перавесці ў анлайн-узаемадзеянне дзяржаву, бізнес і грамадзян.

 

Для Нацыянальнага цэнтра абмену трафікам як аднаго з арганізатараў мерапрыемства форум — гэта перш за ўсё сацыяльна значны праект. Лічбавізацыя, інфарматызацыя, воблачныя тэхналогіі — гэта сённяшнія рэаліі, у якіх мы жывём і якія трэба выкарыстоўваць, вывучаць і ўкараняць ва ўсіх сферах жыцця, падкрэсліла Таццяна ТУРОМША, намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Нацыянальнага цэнтра абмену трафікам.

— Форум #GBC мусіць стаць пэўнай дыялогавай пляцоўкай, дзе будзе абмяркоўвацца лічбавае развіццё краіны. Важны аспект форуму — ён будзе праходзіць у тым ліку анлайн, і любы жадаючы можа зарэгістравацца на сайце https://gbcforum.by/ і паўдзельнічаць у анлайн-трансляцыі.

Актуальнасць і важнасць удзелу Міністэрства юстыцыі ў гэтым праекце прадыктавана тым, што пытанні аказання адміністрацыйных працэдур — адзін з найважнейшых кірункаў узаемадзеяння дзяржавы з насельніцтвам, патлумачыла Наталля ФІЛІПАВА, намеснік міністра юстыцыі:

— З 2018 года Мінюст каардынуе дзейнасць дзяржорганаў, арганізацый і службаў «Адно акно» з насельніцтвам. Гэта складаная шматгранная функцыя, якая ўключае мноства аспектаў галіновага, агульнага заканадаўства, а таксама рэгуляванне лічбавага ўзаемадзеяння дзяржавы з насельніцтвам. Падчас форуму, пэўна, можна будзе абмеркаваць існуючыя цяжкасці, якія не дазваляюць больш аператыўна і хутка вырашаць усе праблемы і здзяйсняць жаданні, і знайсці дадатковыя шляхі для ўзаемадзеяння.

Міністэрства аховы здароўя плануе прэзентаваць працэсы па лічбавай трансфармацыі, якія адбываюцца ў ведамстве, абазначыў Віктар СІДАРЭНКА, загадчык сектара праграмна-інфармацыйнага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя:

— Пляцоўка форуму стане добрай падмогай у абмеркаванні падыходаў і правільнасці абранага міністэрствам курсу з улікам інтарэсаў дзяржавы, бізнесу і грамадзян.

Qr-код, лічбавы подпіс і крыптаграфічны токен аўтэнтыфікацыі

Форум стане таксама пляцоўкай для падрабязнай прэзентацыі васьмі біяметрычных дакументаў, якія ўводзяцца на тэрыторыі Беларусі. Плануецца расказаць пра іх асноўныя перавагі і развеяць асцярогі грамадзян наконт бяспекі і аховы інфармацыі, якая ўтрымліваецца ў дакументах, нагадаў Аляксей БЯГУН, начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў:

— Мы хочам прэзентаваць на форуме ўсю сістэму збору і выдачы біяметрычных дакументаў, каб грамадзяне былі спакойныя за ахову сваіх персанальных даных, за ахову ад несанкцыянаванага доступу да асабістай інфармацыі. А таксама пакажам усе тэхналогіі, якія ўкаранілі ў новыя дакументы, якія сведчаць асобу.

Дакумент, які сведчыць асобу чалавека, мае візуальную інфармацыю, у якую ўключаны асноўныя персанальныя даныя: імя, імя па бацьку і прозвішча, дата нараджэння, грамадзянства, дата выдачы карткі і тэрмін яе дзеяння, пол. Гэтая ж інфармацыя зашыта ў QR-код, і яе можна счытваць з дапамогай спецыяльнага праграмнага забеспячэння.

— У картку ўстаўлены таксама бескантактны чып, у якім, акрамя дадатку ІCAO, што будзе пасля выкарыстоўвацца грамадзянамі пры выездзе за мяжу, ёсць яшчэ электронны лічбавы подпіс і крыптаграфічны токен аўтэнтыфікацыі. Апошнія ахоўваюць інфармацыю, зашытую ў чып (у тым ліку фатаграфічную выяву, адбіткі пальцаў і візуальную інфармацыю на картцы) ад несанкцыянаванага доступу, магчымасці змены звестак ці іх сцірання, — удакладніў асноўныя крытэрыі, на якіх базіруецца сістэма аховы інфармацыі, Аляксей Бягун. — У краіне выкарыстоўваюцца толькі нацыянальныя сістэмы аховы інфармацыі. І праграма, якая ахоўвае інфармацыю з чыпа ІD-карткі, распрацоўвалася менавіта айчыннымі спецыялістамі, каб поўнасцю выключыць магчымасць доступу збоку. Эксперты даюць гарантыю, што ў найбліжэйшыя дзесяць гадоў не з'явіцца тэхналогій, якія б маглі дазволіць ускрыць ІD-картку і змяніць яе змест. Тым больш што сістэма працуе лакальна, без падключэння да інтэрнэту.

На картцы няма звестак пра места жыхарства, сямейнае становішча і наяўнасць дзяцей у чалавека, бо гэтая інфармацыя будзе атрымлівацца з дапамогай Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг на падставе рэсурсаў МУС або па асабістай згодзе чалавека, якую ён пацвердзіць сваім подпісам. Выключэнне — толькі для арганізацый, якія маюць права без згоды грамадзяніна атрымліваць такія звесткі з інфармацыйнай сістэмы МУС.

У вас нарадзілася дзіця! Час стаць на чаргу! Ваш пашпарт гатовы!

Сёння мы знаходзімся ў перыядзе пераходу да новай праграмы інфарматызацыі, завяршаючы папярэднюю (па развіцці лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства), у межах якой быў рэалізаваны глабальны праект па стварэнні «АПК» Платформы», які ўключыў у сябе адзін з элементаў — стварэнне новага асабістага кабінета, адзначыў Сяргей Руднеў:

— Сёння гэтым кабінетам ужо можна карыстацца на сайце https://portal.gov.by/. У ім можна атрымаць разнастайныя паслугі. Пры гэтым профіль чалавека фарміруецца на падставе звестак, якія мы атрымліваем з дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў.

Раней існаваў заяўны прынцып на адкрыццё асабістага кабінета, цяпер ён будзе выяўленчы. Асабістыя кабінеты ўсіх беларусаў будуць створаны на аснове дэперсаналізаваных даных аднамомантна, запэўніў прадстаўнік НЦЭП.

— Асабісты кабінет будуецца на падставе чатырох відаў звестак, якія можна атрымаць з інфармацыйнага рэсурсу МУС. Кабінет актывуецца ў момант першага ўваходу карыстальніка з выкарыстаннем электронна-лічбавага подпісу. Калі чалавек у яго не ўваходзіў, кабінет лічыцца неактыўным, і звесткі накшталт штрафаў, павестак, аліментаў, якія туды накіроўваюцца, не лічацца аўтаматычна атрыманымі. Тэхналогія выбудавана такім чынам, што чалавек будзе атрымліваць усе паведамленні пра яго ўзаемадзеянні з дзяржавай. Гэта і ёсць мэта стварэння адкрытага электроннага ўрада. Нават калі вы заказалі паслугу не праз інтэрнэт, а афлайн, у будучыні вам абавязкова прыйдзе інфармацыя пра гэта ваша дзеянне і анлайн — у ваш кабінет, і вы будзеце пра гэта памятаць.

Тэхналогія электронна-лічбавага подпісу выкарыстоўваецца, каб усё было бяспечна. Калі чалавек уваходзіць у асабісты кабінет, аўтаматычна падымаюцца зашыфраваныя каналы сувязі, а далей сістэма працуе па зашыфраванай сетцы з інфармацыйнымі рэсурсамі, якія таксама забяспечваюць адпаведную ахову інфармацыю. Уладальнікі інфармацыйных рэсурсаў, якія ўтрымліваюць найбольшую колькасць персанальных даных, на варце больш за ўсіх, падкрэсліў эксперт:

— Асабісты кабінет не абмежаваны толькі атрыманнем адміністрацыйнай працэдуры. Ён закліканы стаць адзіным пунктам уваходу грамадзяніна для ўзаемадзеяння абсалютна ва ўсіх сферах, у тым ліку ў адукацыі, медыцыне. Мы хочам стварыць чалавеку асяроддзе, дзе ён атрымае ўвесь набор паслуг, якія дазволяць яму камфортна існаваць.

У будучыні сістэму плануюць адладзіць так, каб нават паслугі беларусам максімальна аказваліся па выяўленчым прынцыпе. Гаворка ідзе аб праактыўным электронным урадзе. Што гэта? Гэта калі цэнтралізаваная платформа, прынамсі, паведаміць чалавеку, што яго немаўля зарэгістравана, — толькі ўвядзіце імя, якое вы абралі, і забярыце пасведчанне аб нараджэнні. Потым сістэма прапануе выбраць дзіцячы садок, школу. Надышоў час сталення — сістэма паведаміць: прыйдзіце па пашпарт — ён гатовы. Аднак гэта можа стаць даступным пры паўнавартаснай інфарматызацыі ўсіх сфер жыццядзейнасці і эканомікі, папярэдзіў Сяргей Руднеў. Электронны ўрад — гэта не калі вы просіце, а калі інфармацыя, якую мае дзяржава, дазваляе змяніць ваша жыццё ў лепшы бок адпаведна з вашымі жаданнямі і ўзростам.