Галоўная / Навiны / Навiны раёна
24.02.2021

Аб міры трэба думаць да таго, як прагучыць першы стрэл. Урок мужнасці прайшоў у Лунненскай сярэдняй школе

 З 15 па 24 лютага ў дзяржаўнай установе  адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета” праводзіцца рэспубліканская дэкада «Афганістан у лёсах нашых землякоў», якая прымеркавана да 32-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана і Дня памяці пра беларусаў, якія выконвалі службовы абавязак за межамі краіны.

У народным музеі баявой славы школы рыхтуецца да адкрыцця экспазіцыя “Афганістан. Рэха вогненных гор”, таму зараз вядзецца пошукавая работа. Вучні старэйшых класаў напярэдадні правялі сустрэчы з  воінамі-інтэрнацыяналістамі, якія пражываюць на тэрыторыі Лунненскага сельскага Савета, і пазнаёміліся з іх біяграфіямі і баявым шляхам. Сярод іх Леанід Іванавіч Дубовік, Павел Васільевіч Самань, Іван Канстанцінавіч Сільвон, Леанід Віктаравіч Курык, Уладзімір Уладзіміравіч Сырэль, Пётр Пятровіч Якімовіч. Кожны з іх упісаў сваю старонку ў гісторыю афганскай вайны. Сабраны матэрыял алічбаваны і прадстаўлены ў мультымедыйнай прэзентацыі «Афганістан у лёсах нашых землякоў».

17 лютага ва ўстанове адукацыі прайшоў урок мужнасці для навучэнцаў 7-11 класаў «Афганістан - наша памяць і боль», на які быў запрошаны воін-інтэрнацыяналіст  Леанід Віктаравіч Курык. Ён ураджэнец горада Ленінграда, а ў цяперашні час пражывае ў аграгарадку Лунна. Старшы прапаршчык расказаў пра армейскую службу ў войску і ў Афганістане (1984 - 1986 г.), аб баявых узнагародах. Ён адзначыў, што самая значная для яго – гэта ордэн Чырвоная Зоркі, які атрымаў за тры баявыя аперацыі.

Воін-інтэрнацыяналіст гаворыць, што за 32 гады не было ніводнага дня, каб успаміны пра тую вайну хоць ненадоўга пакінулі б яго. Вайна - гэта сустрэча з пачварай, калі ты разумееш, што ў любую хвіліну цябе могуць забіць. Дні, палітыя крывёю воінаў-інтэрнацыяналістаў, назаўсёды застануцца ў гісторыі.

– Памяць аб той страшнай афганскай вайне крывацечнымі ранамі жыве ў душы кожнага салдата, бо тады многія з нас пазбавіліся сваіх сяброў, таварышаў, баявых камандзіраў, і самі вярнуліся дадому не толькі з фізічнымі, але і з душэўнымі ранамі. Аднак салдат не выбірае вайну і не аб'яўляе яе. Ён верны прысязе і воінскаму абавязку,   выконвае загад, аддадзены ад імя народа і Радзімы. Гэта і ёсць мужнасць  і павага да Айчыны, – разважае Леанід Віктаравіч.

Перасцярогай для маладога пакалення сталі словы: «Аб міры трэба думаць да таго, як прагучыць першы стрэл». Пасля Афганістана Л.В. Курык   служыў у Германіі, а затым у г.Гродна. Ён удзячны беларускаму народу за гасціннасць і цёплыя адносіны. Яму падабаецца жыць у мірнай краіне, якая стала для яго родным домам.

Леанід Віктаравіч даў наказ юнакам школы аб  абавязковым праходжанні службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, параіў хлопцам займацца спортам, каб быць моцнымі і фізічна падрыхтаванымі, каб у любую хвіліну маглі абараніць сваю Радзіму.

  Многія прысутныя прызналіся, што калі ветэран дзяліўся баявымі гісторыямі, то ў галаве яркімі вобразамі пракручваліся сцэны вайны.

Навучэнцы школы чыталі вершы, прысвечаныя Афганскай вайне і подзвігу герояў, спявалі ваенна-патрыятычныя песні.

Памяць тых, хто ступіў у неўміручасць, ушанавалі «хвілінай маўчання».

Беларусь памятае і шануе сваіх сыноў, якія загінулі ў мірны час. Іх, удзельнікаў той вайны, сёння называюць «афганцамі». Чужое, нязвыклае слова, як чорны цень на лёсе землякоў, пакінутае вайной у чужой краіне з такой жы нязвыклай назвай – Афганістан.

«Тое, што я ўбачыла і пачула, для мяне было звыш маей свядомасці. Цяпер, менавіта з гэтай сустрэчы, калі я пачую слова «Афганістан», маё сэрца будзе напаўняцца вострым і ўсвядомленым болем!» – сказала вучаніца, якая ад імя ўсіх прысутных павіншавала  Леаніда Віктаравіча са святам і ўручыла падарунак.

Абыякавых не было.

Наша памяць, боль страт, незабытае гора тысяч сем'яў, якія страцілі сваіх блізкіх, неаплачаны доўг перад загінуўшымі не даюць нам права на забыццё.

Па матэрыялах сайта раённай газеты "Зара над Нёманам"