Галоўная / Навiны / Навiны раёна
11.09.2023

Два дзесяцігоддзі назад з друку выйшла кніга “Памяць. Мастоўскі раён”. Яна стала компасам у краязнаўчай і патрыятычнай рабоце

 Прайшло 20 гадоў, як выйшла з друку гісторыка-дакументальная хроніка – кніга “Памяць. Мастоўскі раён”. З’яўленне гэтага 600-старонкавага экцыклапедычнага выдання з’явілася важнай падзеяй у жыцці Мастоўшчыны.

У кнізе праследжваецца гісторыя Мастоўшчыны ад першабытных часоў да пачатку трэцяга тысячагоддзя. Каб падрыхтаваць такое фундаментальнае выданне, якое і праз два дзясяткі гадоў з’яўляецца настольнай кнігай усіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, спатрэбілася правесці вялікую краязнаўчую і пошукавую работу. Кніга рыхтавалася пад эгідай райвыканкама, а матэрыялы рыхтаваліся ў рэдакцыі газеты “Зара над Нёманам” з дапамогай краязнаўцаў і вучоных. Менавіта тады мы даведаліся,  што гісторыя нашага краю налічвае не адно тысячагоддзе. У Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі і зараз захоўваюцца каменныя свідраваныя сякеры з часоў неаліту і бронзавага веку, знойдзеныя ў ваколіцах вёсак Баяры, Выгода, Задвор’е, Котчына, Княжаводцы, Масты, Мяшэтнікі і іншых. Прылады працы людзей з перыяду да нашай эры былі знойдзены каля большасці населеных пунктаў раёна. Былі выяўлены і месцы пасялення людзей у дахрысціянскую эпоху. Напрыклад, ля вёскі Выгода археолагамі было раскапана аж чатыры такія селішчы. Вось з такіх вельмі старажытных часоў пачыналася гісторыя засялення нашага Прынёманскага краю.

У выданні  найбольш грунтоўна апісваюцца падзеі дзевятнаццатага і дваццатага стагоддзяў. Названа каля тысячы прозвішчаў людзей, якія склалі гонар нашага краю ці маюць дачыненне да яго гісторыі. Ёсць звесткі пра гісторыю ўсіх населеных пунктаў раёна. Змешчаны ў ёй  матэрыялы і аўтара гэтых радкоў.

Кніга “Памяць” апраўдвае сваю назву. Самы вялікі яе раздзел  “1941-1945” прысвечаны    Вялікай Айчыннай вайне. Публікуюцца матэрыялы аб першых днях вайны, стварэнні партызанскіх атрадаў, жыцці насельніцтва ў час акупацыі, днях вызвалення. У час падрыхтоўкі кнігі шмат пра падзеі вайны на Мастоўшчыне расказалі былыя камандзіры партызанскага атрада “Чырвонагвардзейскі” Іван Калашэйнаў і атрада “Барацьба” Ілля Глазкоў, былы лётчык Аляксей Данілаў, які здзейсніў свой подзвіг у першы дзень вайны ў небе над Гродна, удзельнік вызвалення раёна палкоўнік Іван Падабед. Яны і многія іншыя ўдзельнікі вайны пабывалі ў рэдакцыі, яе супрацоўнікі запісалі іх успаміны.

У  кнізе “Памяць” надрукаваны больш-менш поўны спіс ахвяраў вайны, якія былі вядомы на той час. Названы прозвішчы землякоў, якія прайшлі дарогамі вайны. Ёсць спіс ардэнаносцаў, якія атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды ў ваенны і мірны час. Кніга багата ілюстравана.  У ёй апублікавана шмат архіўных дакументаў.

Аб тым, як кніга “Памяць” дапамагае ў рабоце па зберажэнні спадчыны роднага краю, мы запыталі ў некаторых жыхароў раёна.

Дзмітрый Невяртовіч,

галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама:

– Для мяне кніга “Памяць” з’яўляецца настольнай. Проста дзіву даешся, як дваццаць гадоў таму назад, не маючы інтэрнэта і шырокага доступу да многіх крыніц інфармацыі, было падрыхтавана такое грунтоўнае выданне, якое ўжо два дзясяткі гадоў служыць людзям. Мы кіруемся гэтай кнігай пры пошукавай рабоце, сустрэчах з моладдзю, падрыхтоўцы і правядзенні розных патрыятычных мерапрыемстваў у раёне, матэрыялаў для ўпраўлення па ўвекавечванні памяці пры Міністэрстве абароны Беларусі, рэканструкцыі і добраўпарадкаванні помнікаў і г.д.

Павінен адзначыць, што пошукавая работа на Мастоўшчыне з выданнем кнігі “Памяць” не спынілася, яна вядзецца і цяпер. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкай “Яны прайшлі дарогамі вайны” на сайце райвыканкама.

Юрый Бубен,

настаўнік гісторыі Правамастоўскай сярэдняй школы:

– Каштоўнасць кнігі “Памяць” у яе шматграннасці. Яна дазваляе чытачу пазнаёміцца з гісторыяй свайго краю, пачынаючы ад першабытных часоў да пачатку 21 веку, з вядомымі людзьмі, якімі багата наша зямля, і выконвае сваю галоўную задачу – увекавечвае подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і яе ахвяры.

Як гісторык, я часта звяртаюся да матэрыялаў кнігі “Памяць”. Яны выступае адпраўным пунктам даследчых работ і праектаў маіх вучняў. Урокі гісторыі па тэме “Наш край” не абыходзяцца без інфармацыі з кнігі “Памяць”. Яе вывучае ўжо не адно пакаленне вучняў.

Наталля Дубіцкая,

галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў:

– Я з’яўлялася членам раённай камісіі па стварэнні кнігі “Памяць”. Выдатна памятаю тую работу, што правяла камісія па зборы, сістэматызацыі, апрацоўцы і публікацыі вялікага гістарычнага матэрыялу.

Сёння  гэтая хроніка – крыніца самай розный інфармацыі: гэта архелагічныя звесткі, і факты гістарычнага развіцця. У ёй мноста імён, фотаздымкаў, падзей мінулага нашага краю.

Ведаю, што кніга выкарыстоўваецца многімі мастаўчанамі. І калі гартаеш яе старонкі, бачыш твары тых,  чые здымкі там апублікаваны, разумееш, што метавіта так, праз лёсы  землякоў, можна ўбачыць гісторыю сваёй Радзімы, лепш зразумець яе.адзімыЮ, лепш зразумець яе.

Сяргей Каспяровіч,

старшыня Курылавіцкага сельсавета:

– Нашай Азёркаўскай старонцы ў кнізе “Памяць” прысвечана шмат месца. І гэта апраўдана. У Ліпічанскай пушчы ў гады вайны было асноўнае месца супраціўлення ворагу. На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 23 формы ўвекавечвання. І пра кожнае такое месца напісана ў кнізе. Вось нядаўна мы абнаўлялі надпісы на магілах ахвяр фашызму ў вёсках Задвор’е і Чарлёнка. І зноў-такі звярнуліся па дакладныя звесткі да кнігі “Памяць”.

У свой час кнігу мы падарылі дэпутатам і старастам вёсак. І правільна зрабілі, бо нават зараз да старастаў звяртаюцца жыхары з іншых месц з просьбамі расказаць пра іх продкаў. І на дапамогу прыходзіць гэта кніга.

Мне яна яшчэ дарагая і тым, што ў ёй ёсць фотаздымак і звесткі  пра майго бацьку Валяр’яна Валяр’янавіча Каспяровіча, які больш як 20 гадоў кіраваў адным з лепшых у раёне калгасаў “Шчара” і быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Таццяна Пракапеня,

настаўнік гісторыі СШ №5, кіраўнік школьнага гісторыка-патрыятычнага музея “Памяць”:

– Выданне “Памяць” – самы поўны летапіс Мостоўшчыны, вельмі карысная крыніца ведаў са старадаўніх часоў да пачатку гэтага стагоддзя. Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо 20 гадоў, актуальнасці кніга не  страціла, наадварот, з цягам часу яна ўсё больш запатрабавана. Так было ў Год гістарычнай памяці, так ёсць у Год міру і стварэння. Мытэрыялы кнігі пастаянна выкарыстоўваем у музейнай рабоце, патрыятычным выхаванні. Пажадана было б перавесці гэтую карысную  кнігу ў электронны фармат.

Я думаю, што кожны адукаваны жыхар Мастоўшчыны трымаў у руках гэтае каштоўнае выданне і нешта карыснае ўзяў  для сябе, прачытаў пра блізкіх ці знаёмых людзей, пра падзеі ў роднай вёсцы ці Мастах, знайшоў нямала фактаў для гордасці за сваю малую радзіму. Руплівая праца тых, хто ствараў кнігу “Памяць” (іх прозвішчы надрукаваны ў выданні), спатрэбілася жыхарам раёна і ўжо два дзесяцігоддзі застаецца запатрабаванай.