З вялікім задавальненнем хачу падзяліцца вопытам станоўчага сямейнага выхавання ў сям’і Віталія Уладзіміравіча і Наталлі Міхайлаўны Адасько з аграгарадка Дубна. На працягу некалькіх год назіраю за прыгожымі адносінамі і ладам у гэтай сучаснай працавітай сям’і. У маім класе вучыцца старэйшае дзіця гэтых бацькоў – сын Ягор. Хлопчык з дашкольнага ўзросту займаецца ў спартыўнай секцыі па футболе “Феномен” ў г. Скідзеле, куды тры разы на тыдзень яго возяць бацькі. А зараз яшчэ пачаў трэніравацца і ў футбольным клубе “Неман” г. Гродна. Да таго ж і ў складзе школьнай зборнай па футболе ён таксама займае лідзіруючыя пазіцыі. Мама і тата прыкладаюць максімум намаганняў, каб дапагчы цалкам рэалізаваць патэнцыял сына. А яшчэ і малодшая сястрычка Міланка таксама падае добрыя надзеі як будучая зорачка сцэны. Дзяўчынка паспяхова займаецца танцамі. І бацькам хапае часу, каб і яе своечасова падвезці на рэпетыцыі і выступленні.
На занятках бацькоўскага універсітэта сям’я падзялілася вопытам прымянення метадаў “Знайдзі сябе”, які даў такі станоўчы вынік. Бацькі не навязваюць дзецям свае жаданні, а даюць ім права знайсці сябе.
Наталля Міхайлаўна і Віталій Уладзіміравіч заўсёды наведваюць усе школьныя мерапрыемствы, ахвотна дзеляцца вопытам выхавання дзяцей, прымаюць удзел у святах, падарожжах, конкурсах. Самі пераймаюць лепшыя прыклады сямейных адносін ад сваіх бацькоў і іншых узорных сем’яў. Бацькі перакананы, што выхаваць паважлівыя адносіны да дарослых можна толькі ўласным прыкладам. Яны самі вельмі паважліва ставяцца адзін да аднаго і старэйшых членаў сваіх сем’яў. Вельмі ўдалым лічаць метад “Люстра”, калі дзеці пераймаюць звычкі бацькоў.
Вось у такой сям’і дзеці праходзяць самыя вартасныя бацькоўскія ўніверсітэты. Яны, я ўпэўнена, стаўшы дарослымі, таксама наладзяць такія ж моцныя, прыгожыя сямейныя адносіны.
Пасяджэнне бацькоўскага ўніверсітэта дапамагае бацькам лепш ведаць сваіх дзяцей, шукаць шляхі для паразумення і наладжвання трывалых зносін. У межах работы шостага школьнага дня пасяджэнні бацькоўскага ўніверсітэта наведваюць многія сем’і навучэнцаў нашай школы. Тут дарослыя вучацца адзін у аднаго сакрэтам ціхага сямейнага дабрабыту і ладу. Нехта пра сябе раскажа ў вершах, іншы падзеліцца сваімі набыткамі праз цікавы відэаролік ці прэзентацыю. У выніку кожны з прысутных атрымоўвае важкі багаж мудрых парад, спосабаў дзеяння, прыёмаў наладжвання суадносін паміж членамі сям’і. Такія стасункі цікавыя не толькі для маладых бацькоў, але і для больш сталых сямейных выхавацеляў і настаўнікаў.
На агульнашкольным бацькоўскім сходзе адбылася прэзентацыя лепшага сямейнага вопыту выхавання сям’і Адасько, якая суправаджалася відэафільмам “Мая сям’я”. Адным з метадаў умацавання сямейных традыцый лічыцца метад “Сямейны альбом”, дзе сабраны фотаздымкі самых важных момантаў сямейнага жыцця. Такі метад дазваляе бачыць і ўсведамляць каштоўнасць ролі сям’і ў жыцці дзіцяці, а гэта самы яркі прыклад прывіцця любові да свайго краю і сваёй радзімы.
Ролю сямейнага выхавання я прыгадала толькі на прыкладзе адной сям’і, з якой па волі сваёй прафесійнай дзейнасці мне давялося цесна пазнаёміцца. Але з вялікім задавальненнем адзначаю, што такіх сем’яў становіцца больш.