Афіцыйны сайт
9 красавіка 2021

Больш за 15 тысяч саджанцаў сасны: калектыў Лунненскай сярэдняй школы ўнёс свой уклад у памнажэнне прыроднага багацця

 6-7 красавіка 2021 года валанцёры,  педагогі і работнікі тэхнічнага персаналу дзяржаўнай установы адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета”  далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу – 2021”.  У гэтым годзе яна прысвечана Году народнага адзінства.

 Работа на дзялянцы кіпела. Увайшоўшы ў рытм, “леснікі на дзень” падбадзёрвалі адзін аднаго і нават ладзілі спаборніцтвы на суседніх радах.   Усе ўдзельнікі акцыі працавалі з жаданнем, усведамляючы ролю лесу ў жыцці нашай планеты. Ён не толькі аказвае ўплыў на  жыццядзейнасць чалавека, але і выступае гарантам экалагічнай бяспекі. У вучняў  з’явілася добрая магчымасць далучыцца да сумеснай працы, сфарміраваць экалагічную культуру: берагчы і не забруджваць лес,  усвядоміць і зразумець, колькі намаганняў і часу неабходна для таго, каб маладыя саджанцы выраслі магутнымі дрэвамі.

    












 “Нам выпала ганаровая і важная работа.  Валанцёры хвалююцца за прыродныя багацці нашага краю. Прыгожыя лясы нам дасталіся ад папярэдніх пакаленняў. Мы павінны берагчы і развіваць лясную гаспадарку, клапаціцца пра будучыню. Хочацца верыць, што з цягам часу будзем прыходзіць у гэты лес, прыводзіць сваіх дзяцей і з гонарам гаварыць, што яго садзілі  мы”, – падзялілася сваімі ўражаннямі вучаніца 11 класа Ксенія Навіцкая.

    












Дырэктар школы Віктар Чэрнік зазначыў: “За гэтыя два няпоўныя дні на тэрыторыі Лунненскага лясніцтва калектыў школы пасадзіў 15 200 штук маладых саджанцаў сасны. Але Тыдзень лесу працягваецца, таму ў нас ёсць  магчымасць павялічыць гэтую лічбу”.

   










Гэта было сапраўднае экалагічнае свята, і калектыў, далучыўшыся да гэтай  акцыі, унёс свой уклад у захаванне і памнажэнне прыродных багаццяў  нашай Беларусі.

Па матэрыялах сайта раённай газеты "Зара над Нёманам"