Галоўная / Навiны / Навiны раёна
30.03.2020

Добрая традыцыя ўзняцця сцяга працоўнай славы працягваецца на Мастоўшчыне

Аграрыі раёна ўжо вывелі свае трактары і агрэгаты на палі: пачалася масавая сяўба яравых культур. А на мехмайстэрні і каля адміністрацыйных будынкаў гаспадарак абнавіліся флагштокі і інфармацыйныя стэнды, якія распавядаюць пра дасягненні перадавікоў на вясновай сяўбе.  
- Гэтай добрай традыцыі - падымаць сцяг працоўнай славы ў гонар лепшых механізатараў, вадзіцеляў, хлебаробаў, якія паказваюць прыклад добрасумленнага стаўлення да даручанай справы, стараннасці і працавітасці - у нашым раёне не адзін дзясятак гадоў, - адзначае старшыня Мастоўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Віктар Мятлюк. - Узняцце сцяга працоўнай славы з'яўляецца формай заахвочвання перадавікоў-аграрыяў, падымае прэстыж прафесіі сельскага працаўніка, а таксама інфармуе іншых членаў калектыву пра дасягненні іх калегаў і тым самым маральна стымулюе іх жаданне працаваць больш эфектыўна і прадуктыўней.
Магчыма, нехта запярэчыць, што дадзеная форма пашаны і павагі да чалавека працы даўно састарэла і не мае належнага эфекту. Тады як растлумачыць той факт, што механізатары па раніцах і вечарах перш за ўсё накіроўваюцца да флагштока, каб даведацца  аб перадавіках і шчыра павіншаваць калег з поспехам?
Як растлумачыць радасць дзіцяці, у гонар бацькі якога ў вёсцы на працягу ўсяго жніва або сяўбы лунае чырвоны сцяг - сімвал стараннай і самаадданай працы?
Як растлумачыць душэўнае хваляванне дасведчанага трактарыста, калі яму пры калегах цісне руку і дзякуе за бездакорную працу кіраўнік гаспадаркі?
Так, на старонках нашай раённай газеты мы пастаянна расказваем пра лепшых працаўніках сельскагаспадарчай галіны раёна. Але нават проста пералічыць усіх тых, хто дасягнуў высокіх паказчыкаў і заслугоўвае ўвагі і пашаны, мы не можам. А зрабіць гэта на месцах, у гаспадарцы, на мехмайстэрні - цалкам рэальна. І гэта добра разумеюць намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай працы і прафсаюзныя лідэры, якія актыўна ажыццяўляюць у жыццё добрую традыцыю нашых бацькоў і дзядоў, падымаючы чырвоны сцяг працоўнай славы ў гонар чалавека працы Мастоўшчыны!
Па матэрыялах сайта раённай газеты "Зара над Нёманам»