Галоўная / Навiны / Навiны раёна
26.10.2020

Добрыя справы для малой радзімы. У Рагозніцкім дз/с-СШ заклалі яблыневы сад

Добрыя справы для малой радзімы. У Рагозніцкім дз/с-СШ заклалі яблыневы сад23 октября 2020 — 10:50
Зразумела, каб жыць у прыгожай краіне, неабходна прыкласці для гэтага намаганні – навесці парадак  на сваёй малой радзіме, там, дзе ты жывеш. Асабліва актуальна гэта ў Год малой радзімы. З гэтай нагоды Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзіцца экалагічная кампанія “Уладкуем малую радзіму”.

Не застаюцца  ўбаку ад гэтай глабальнай справы і навучэнцы Рагозніцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Ужо сталі традыцыйнымі такія акцыі, як “Чысты двор”, “Чысты бераг”, “Дапамажы прыродзе”,  шматлікія мерапрыемствы і канкрэтныя справы. Невыпадкова, што наша школа займае прызавыя месцы  ў розных конкурсах па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі. Нельга не захапляцца ў розныя поры года  “жывой” агароджай у выглядзе геаметрычных фігур, што з’яўляецца візітнай карткай установы адукацыі.

Тым не менш, кожны год стараемся не толькі захаваць тое, што маем, але і стварыць новае. Не стаў выключэннем і цяперашні: было вырашана  пасадзіць малады яблыневы сад. Ідэя гэтая многім прыйшлася па душы:  кожны можа ўнесці пасільны ўклад у агульную  справу.

І вось набыты першыя 22 маладыя  саджанцы, на пасадку якіх  выйшлі вучні з розных класаў. Мерапрыемствы гэтае, нягледзячы на восеньскае надвор’е, стала для дзяцей   знамянальнай падзеяй.

 – Мы пасадзілі дрэвы  ўпершыню. Знаем, што іх трэба паліваць, даглядаць. Калі яны вырастуць, мы таксама будзем дарослымі. Мы ў адказе за тое, што сёння пасадзілі, – успамінаюць вядомую фразу і дзеляцца ўражаннямі вучні 6 класа.

Асаблівы ўклад у такую важную справу ўнеслі і мы, навучэнцы выпускнога 11 класа са сваімі бацькамі, набыўшы за ўласныя сродкі 8 маладых саджанцаў. Мы  ганарымся тым, што пакідаем  школе памяць аб сабе, лічым, што толькі добрыя і карысныя справы могуць зрабіць жыццё лепшым, а родны дом прыгажэйшым. На нашу думку, нікога ў будучым  не зможа пакінуць  раўнадушным  майскі яблыневы сад у бела-ружовай квецені, а затым і магчымасць  пачаставацца духмянымі  яблыкамі.

Настасся Дзямідзік,
вучаніца 11 класа Рагозніцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы