Галоўная / Навiны / Навiны раёна
19.01.2021

І сілай, і розумам: пяць дыпломаў заваявалі юныя спартсмены Мастоўшчыны на алімпіядзе па фізічнай культуры

  Каманду Мастоўшчыны на трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды  па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” прадстаўлялі пераможцы раённага этапу – вучні Дубненскай і Гудзевіцкай сярэдніх школ.

 Тры дні напружаных спаборніцтваў. Юныя спартсмены змагаліся ў плаванні і спартыўных гульнях, паказвалі ўзровень фізічнай падрыхтаванасці і праходзілі  тэарэтычны тур. У выніку мастаўчане занялі першыя радкі ў рэйтынгу, сабраўшы калекцыю дыпломаў: тры дыпломы першай ступені, адзін дыплом другой ступені і адзін дыплом трэцяй ступені.

 Спорт не церпіць баязлівасці або ляноты, фальшу ці сімуляцыі. Яму цікавыя толькі працавітыя людзі, якія не забыліся, што такое гонар і годнасць, якія не баяцца сустрэчных вятроў, могуць зрабіць выклік лёсу і перамагчы.  І каманда адважных дзяўчат з Дубненшчыны – таму падцвярджэнне. Вікторыя Мялешка (дыплом І ступені), Дар’я Табала (дыплом І ступені) і Паліна Тамукевіч (дыплом ІІ ступені) добра ведаюць, што каб дасягнуць высокага выніку, неабходна пастаянна займацца. Калі хоць трохі расслабіцца, то можна адстаць ад канкурэнтаў.

 Неабходна адзначыць, што дзяўчаты, акрамя спартыўных дасягненняў, маюць высокія дасягненні ў вучобе і з’яўляюцца аднымі з лепшых вучняў школы.  На пытанне, ці не стамляе такі напружаны рэжым, Паліна  адказвае: 

 – Як бы не выкладвалася на трэніроўках, яны павышаюць маральны дух, пасля іх адчуваю сябе бадзёра і свежа. Нават стомленасць пасля заняткаў не можа перакрыць ўсіх пазітыўных эмоцый, якія  мяне напаўняюць.

 – Ды і вяртаючыся дадому ў прыўзнятым настроі, я  перадаю свой станоўчы зарад блізкім – маме, тату, бабулі, напаўняю таксама іх пазітыўнай энергіяй, – дадае Дар’я.

 – Вера ў сябе – неад’емная частка спорту, – расказвае Вікторыя. – Перад абласной алімпіядай мой трэнер і класны кіраўнік Марыя Аляксандраўна ўпэўніла,  што гэта задача па сілах, што яе можна выканаць. Не спыняцца, і вынік абавязкова будзе дасягнуты.

 Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Дубненскай сярэдняй школы, трэнер каманды пераможцаў Марыя Касазубава цалкам згодна з выказваннямі дзяўчат. Яна вельмі добра ведае кожнага свайго вучня і штодня працуе над фарміраваннем паспяховай асобы, развівае на сваіх занятках такія неабходныя для пераможцы якасці, як цярпенне мэтанакіраванасць і канцэнтрацыю. 

 Словы ўдзячнасці ад сваіх выхаванцаў, віншаванні ад калег па працы прымаў і настаўнік фізічнай культуры і здароўя ДУА “Гудзевіцкая сярэдняя школа”  Анджэй Рышардавіч Занеўскі.  Урок фізічнай культуры і здароўя для яго – свайго роду тэатральная пастаноўка, ствараемая  настаўнікам-рэжысёрам для таго, каб яго вучні атрымалі зарад энергіі, адчулі радасць перамогі, усвядомілі , што значыць  пачуццё  поспеху , падтрымка каманды.

 Вучні таленавітага настаўніка таксама сталі пераможцамі трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Роберт Эйсмант вярнуўся ў родную школу з дыпломам І ступені, а Ксенія Кудрына – з дыпломам ІІІ ступені. Спортам вучні цікавяцца даўно. Яны з задавальненнем удзельнічаюць ва ўсіх спаборніцтвах як раённага і абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўняў.

 Але ўдзел у алімпіядзе патрабуе асаблівай падрыхтоўкі, бо вучням неабходна прадэманстраваць не толькі добра адпрацаваныя практычныя уменні, але і глыбокія веды, цярпенне і мэтанакіраванасць. Дзеці ўсведамляюць, што на абласным узроўні адстойваюць не толькі гонар сваёй ўстановы адукацыі, але і гонар усяго Мастоўскага  раёна.

 Няхай сённяшняе дасягненне стане толькі пачаткам бліскучага шляху  да  вялікіх вяршыняў!

Па матэрыялах раённай газеты "Зара над Нёманам"