Галоўная / Навiны / Навiны раёна
13.01.2021

Як святкавалі Калядкі дубненскія хлопчыкі і дзяўчынкі

  У Дубненскім ДЦРД прайшло традыцыйнае свята «Прыйшла Каляда». Наша «Каляда» была насычана казачнай атмасферай, вясёлымі песнямі і гульнямі. Свята не толькі прынесла радасць нашым выхаванцам, але і дало магчымасць дакрануцца да традыцый беларускага народа, самім адчуць хараство народнага свята і гульняў. Актыўны ўдзел у свяце прынялі педагогі і выхаванцы сярэдняга і старшага  дашкольнага ўзросту.

 Калядоўшчыкі сустрэлі дзяцей ля ўвахода ў дзіцячы сад. У ролі  калядных персанажаў былі Цыгане, Каза, вясёлае Медзведзяня і абавязковым атрыбутам – сімвал Віфлеемскай зоркі. Выхаванцы разам з калядоўшчыкамі вадзілі гульні-карагоды, спявалі песні-калядкі. Калядка – гэта маленькая песенька, у якой жадаюць дабра, здароўя  і багацця на ўвесь год. А выхаванцы-гаспадары ў вершах і песнях на беларускай мове віталі і частавалі гасцей смачнымі прысмакамі.

 Такім чынам адбываецца ўзбагачэнне ўяўленняў дзяцей дашкольнага ўзросту аб традыцыях беларускага народа,  фарміруецца нацыянальная самасвядомасць  сродкамі роднай мовы,  цікавасць да беларускага маўлення і  навучанне  маўленчым зносінам, перадача літаратурнай спадчыны, культурных традыцый, назапашаных нашымі продкамі.

Па матэрыялах сайта раённай газеты "Зара над Нёманам"