– Большасць механізатараў нашай гаспадаркі менавіта з пакалення дзевяностых, – разважае Генадзь Іосіфавіч. – У той час многія мае равеснікі пасля распаду Саюза вярнуліся на радзіму з розных гарадоў, дзе заставаліся працаваць пасля арміі ці па іншых абставінах. У родных мясцінах яны знайшлі і працу, і жыллё. Гаспадаркай у той час кіраваў мудры чалавек Міхаіл Пронька. Нягледзячы на складанасці, у Гудзевічах будавалася жыллё, развівалася сацыяльная сфера. Міхаіл Сцяпанавіч па-бацькоўску клапаціўся пра моладзь, імкнуўся дапамагчы ёй наладзіць сямейнае жыццё. Ды і зарплата была нядрэннай. З тых маладых хлопцаў потым і выраслі вопытныя кадры.
– Паміж сабой мы падтрымліваем добрыя адносіны, – працягвае механізатар, – дапамагаем адзін аднаму, выручаем у складанай абстаноўцы і на рабоце, і па суседску. Як і мае быць на вёсцы.
Што датычыць самога Генадзя Пракаповіча, то ён яшчэ падлеткам вызначыўся, што з роднай гаспадаркі нікуды не паедзе. Быў добры прыклад бацькі, Іосіфа Казіміравіча, які працаваў механізатарам. У тыя часы таксама працавалі да цямна, а тэхніку часта ставілі на ноч дома, па месцы жыхарства механізатара. Генадзь карыстаўся момантам, часта забіраўся ў кабіну, вывучыў усе агрэгаты кіравання.
– Мой бацька працаваў на легендарным МТЗ-50, ён тады называўся гордым імем “Беларусь”. – успамінае Генадзь Іосіфавіч. – Школьнікам я асабліва не задумваўся над маркай трактара, калі тата давяраў “паруліць”, але было прыемна, што вясковыя хлопцы зайздросцілі. Пра гэты трактар я больш даведаўся, калі вучыўся ў Скідзельскім СПТВ-119. Аказваецца, ён быў самым масавым і надзейным у Савецкім Саюзе, яго на мінскім заводзе было выпушчана больш за мільён адзінак.
Менавіта МТЗ-50 “Беларусь” даверылі хлопцу, калі ён вярнуўся пасля заканчэння вучылішча ў калгас імя Карбышава.
– Я свой першы трактар помню і цяпер, – гаворыць Генадзь Іосіфавіч. – Засталася нейкая настальгія па часу маладосці, калі тэхніка была простай і надзейнай, а мы, маладыя хлопцы, нярэдка рамантавалі яе проста ў полі. Цікава, што і зараз, нягледзячы на значны час пасля выпуску, МТЗ-50 працягваюць працаваць у прыватных гаспадарках. Ёсць яны і ў Гудзевічах.
Добрыя ўспаміны засталіся ў яго і пра час вучобы ў Скідзельскім СПТВ-119.
– Веды там давалі надзейныя, вучылі ўсяму, што прыдасца ў рабоце, – з веданнем справы гаворыць Генадзь Іосіфавіч. – Кожны з нас атрымаў кваліфікацыю трактарыста-машыніста і вадзіцеля трэцяга класа. Што яшчэ трэба было для вясковага хлопца ў тыя часы?!
Веды прыдаліся яму і ў арміі. Два гады ён быў вадзіцелем аўтамабіля ЗІЛ-131. А вярнуўшыся ў гаспадарку зноў сеў за руль трактара. У тыя гады механізатары былі больш патрэбнымі, чым вадзіцелі. Працаваў на розных марках трактароў МТЗ. Праўда, цяпер яны ўжо выпускаліся пад назвай “Беларус”. Працаваў на сяўбе і жніве, дастаўляў кармы. А шаснаццаць гадоў назад у гаспадарку паступіў пагрузчык “Амкадор”, і яго даверылі лепшаму механізатару Генадзю Пракаповічу. Гэта машына таксама беларускай вытворчасці, і работа для яе ёсць увесь сезон: і зімой, і летам.
– Нават зімой, бывала, пойдзеш у водпуск, а табе праз некаторы час звоняць, што трэба выйсці на працу, ёсць тэрміновая справа. Ці снег пачысціць на тэрыторыі фермы, ці ў бездарожжа пагрузіць кармы, –расказвае механізатар. – Я згаджаюся, куды цяпер без “Амкадора”. А машына мне таксама падабаецца: простая ў кіраванні, надзейная ў рабоце, непатрабавальная ў абслугоўванні. Ды і запчасткі заўсёды можна набыць. На гэтай працую ужо дзевяць гадоў, і яна заўсёды ў рабоце.
Зімой і вясной “Амкадор” Генадзя Пракаповіча грузіць тысячы тон арганічных угнаенняў, у час нарыхтоўкі кармоў утрамбоўвае сянажныя траншэі. Тут работа таксама ад цямна да цямна. У ёй ён ведае усе нюансы. І як трамбаваць сянаж, калі ён мае вільготнасць 40 працэнтаў, і як той, у якога 60. Калі работа зроблена правільна, корм будзе якасным.
Зараз на ферме “Тоўсцікі” яны працуюць разам з Мікалаем Сапоцька. Той таксама на “Амкадоры”. Абодва вопытныя механізатары, разумеюць адзін аднаго з паўслова. Вольнага часу ў іх няма ні хвіліны. Вераніцай паступаюць машыны і трактары з зялёнай масай, толькі паспявай утрамбоўваць. У “Гудзевічах” скошана ўжо дзве трэці сенажацей, нарыхтавана больш як 16 тысяч тон сенажу. На кожнай ферме ёсць па некалькі закладзеных траншэй.
Крыху паразмаўляць з механізатарамі можна толькі ў час абедзеннага перапынку. Тады і распыталі Генадзя Іосіфавіча аб працы і жыцці.
– Я задаволены тым, як склаўся мой лёс. Заўсёды чалавеку больш спадручна знайсці сваё месца на малой радзіме, дзе жылі і працавалі бацькі і дзяды, дзе ўсе знаёмыя з маленства, – сцвярджае механізатар. – Усё добра атрымалася ў мяне і ў сям’і. Калі ажаніўся гаспадарка выдзеліла ў Гудзевічах жыллё. Жонка Марыя Тадэвушаўна працуе на ферме “Поплава”, даглядае маленькіх цялят. Яна таксама ў перадавіках, мае ўзнагароды. Дзеці выраслі, жывуць і працуюць самастойна: дачка Вольга медыкам у Гродна, сын у міліцыі ў Мінску. Так што на гаспадарцы засталіся мы з жонкай. Яна увесь светавы дзень на ферме, я – у полі.
Пацікавіцца як ідзе работа, ці якасна закладваецца корм прыехаў на ферму дырэктар гаспадаркі Павел Станеўскі. Падышоў ён і да механізатараў.
– Яшчэ тон 600 і траншэя будзе запоўнена сенажом, – сказаў Генадзь Іосіфавіч. – Утрамбуем і можна ўкрываць. Добра ідзе падвозка.
А нам дадаў: “Цяпер у нашай гаспадарцы закладваюцца сянажныя траншэі па 2300-2500 тон кармоў. Для такога аб’ёму зялёнай масы і чатырнаццацітонны “Амкадор” не з’яўляецца асабліва магутнай сілай. Нам з Мікалаем прыходзіцца прыкладваць нямала намаганняў, каб належным чынам утрамбаваць яе. Вопыт ёсць, чаму не зрабіць”.
– Генадзь Пракаповіч вельмі працалюбівы, добрасумленны і старанны чалавек, – сказала пра механізатара намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Марыя Палубятка. – З-за гэтых якасцяў мы і прадставілі яго на раённую Дошку гонару. Хай ведаюць у Мастоўскім раёне, што у нас ёсць такі механізатар.