У Княжаводцах, на месцы пахавання расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны жыхароў вёскі, прайшоў суботнік. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама, прафсаюзаў, ветэранскай арганізацыі і БРСМ.
Гэта знакавае месца для кожнага жыхара Мастоўшчыны. Княжаводцы - самы буйны населены пункт Гродзенскай вобласці, які быў спалены фашыстамі. Да вайны ў Княжаводцах было 260 двароў і 1020 жыхароў. Трагедыя здарылася 23 ліпеня 1943 годзе. У агні загінула і было расстраляна ў той дзень каля тысячы чалавек.
Брацкая магіла і помнік «Смуткуючая Маці» добраўпарадкаваны, тут заўсёды падтрымліваецца належны парадак. Вось і на гэты раз Мастаўчане і жыхары аграгарадка Дубна прыбралі лістоту, падгрэблі завялую траву, ачысцілі ад пылу пастамент помніка. А пасля суботніка запалілі "Агонь памяці". Лампадкі з мігатлівымі агеньчыкамі полымя ўсталявалі ля падножжа «Смуткуючай Маці» члены раённай арганізацыі ГА БРСМ.
На суботніку працавала і старшыня раённага аб'яднання арганізацый прафсаюзаў Алена Рагацэвіч.
- Прафсаюзныя арганізацыі прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі, - сказала яна. - Наш абавязак - падтрымліваць у належным стане брацкія магілы, помнікі і абеліскі. У Княжаводцах адбылося першае такое маштабнае мерапрыемства. Сумесна з раённай арганізацыяй ветэранаў і раённым камітэтам ГА БРСМ, будзем актыўна праводзіць гэтую працу і далей. У бліжэйшы час навядзем парадак у скверы ля помніка загінулым землякам у вёсцы Дзенькаўцы, які замацаваны за намі.
Прымалі ўдзел у суботніку і прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі.
- Сімвалічна, што навядзенне парадку ў помнікаў і абеліскаў у раёне пачалося менавіта з Княжаводцаў, - сказала яе кіраўнік Ірына Сераброўская. - У 2018 годзе менавіта наша раённая арганізацыя сумесна з райвыканкамам выступіла ініцыятарам збору сродкаў на абнаўленне помніка на брацкай магіле загінуўшых жыхароў вёскі. Помнік быў адрамантаваны, за ім наладжаны належны догляд. У мінулым годзе ў дзень трагедыі тут адбыўся вялікі мітынг.
Пра тое, колькі ў раёне помнікаў і абеліскаў і як яны пасля зімы будуць прыводзіцца ў парадак, мы запыталіся ў галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы Дзмітрыя Невяртовіча, удзельніка суботніка.
- На тэрыторыі раёна знаходзіцца 92 формы ўшанавання абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, - сказаў Дзмітрый Валянцінавіч. - З іх 41 - перыяду Другой сусветнай вайны. За кожнай формай ўвекавечання замацаваны працоўныя калектывы і грамадскія арганізацыі. Гэтым суботнікам дадзены старт маштабнай працы па навядзенні парадку. У красавіку ўсе неабходныя работы будуць выкананы.
Па матэрыялах сайта газеты “Зара над Нёманам”