Галоўная / Навiны / Навiны раёна
02.07.2020

Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віталь Нявера ўручыў узнагароды і сустрэўся з актывам Мастоўскага раёна

З прыемнай місіяй наведаў наш раён намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віталь Нявера: уручыць узнагароды па выніках працы за 2019 год.
- Напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята - Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь - у аблвыканкаме былі падведзены вынікі працы за 2019 год і адзначаны лепшыя раёны і прадпрыемствы. Ваш раён таксама ў ліку лідэраў, - падкрэсліў Віталь Іосіфавіч.
Па выніках штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці Мастоўскім раёне прысуджана другое месца ў намінацыі «За дасягненне высокіх вынікаў у сацыяльна-культурным развіцці».
На працягу сямі апошніх гадоў сацыяльная сфера Мастоўшчыны пацвярджае сваё лідэрства ў гэтай намінацыі. Змены ў лепшы бок і за апошнюю пяцігодку, і у 2019 годзе закранулі ўсе галіны: адукацыю, медыцыну, культуру, сацыяльную абарону, фізічную культуру і спорт. Але, як падкрэсліў старшыня Мастоўскага райвыканкама Юрый Валяваты, атрымліваючы Дыплом, ёсць да чаго імкнуцца.
Ёсць над чым працаваць і аграрыям раёна, якія па выніках абласнога спаборніцтва займаюць трэцюю пазіцыю ў намінацыі «За дасягнутыя высокія паказчыкі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці». Адзначым, што у 2019 годзе сельгаспрадпрыемствы раёна дабіліся высокіх вынікаў у вытворчасці малака, ялавічыны і свініны, вырасла прыбаўленне ў вазе буйной рагатай жывёлы і свіней. Парадаваў ураджаем рапс, бульба, цукровыя буракі. Існуючы машынна-трактарны парк забяспечвае правядзенне ўсіх палявых работ па сучасных тэхналогіях. На сяле за сродкі гаспадарак будуюцца новыя аб'екты і жыллё. Так што патэнцыял ёсць.
Падставай для гонару мастаўчан з'яўляецца і той факт, што сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «БТКВосток» будзе прадстаўляць наш раён на абласной Дошцы пашаны. Яна будзе адкрыта ў абласным цэнтры 3 ліпеня. Пасведчанне аб занясенні на абласную Дошку гонару са словамі падзякі было ўручана дырэктару прадпрыемства Алене Чубрык.
Штомесяц СТАА «БТКВосток», якое займаецца лесанарыхтоўкай, дрэваапрацоўкай і вытворчасцю паліўнай дранкі, перапрацоўвае да 12 тысяч кубаметраў лесу. Большая частка прадукцыі накіроўваецца на экспарт у Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію.
Рэалізаваны інвестыцыйны праект СТАА «БТКВосток» дазволіў стварыць высокатэхналагічную вытворчасць шляхам ўкаранення новых тэхналогій і прыцягнення інвестыцый ад замежных партнёраў, а таксама павысіць канкурэнтаздольнасць вытворчасці, павялічыць асартымент прадукцыі з высокім дабаўленым коштам, нарасціць аб'ём экспарту прадукцыі. Акрамя таго, арганізаваны дадатковыя высокапрадукцыйныя працоўныя месцы і палепшаны існуючыя ўмовы працы работнікаў.
Яшчэ адна годная ўзнагарода была ўручана намесніку дырэктара Мастоўскага РУП ЖКГ Уладзіміру Бароўскаму.
- Напэўна, немагчыма развіць ні адну сферу, ні адзін напрамак жыццядзейнасці, калі няма клопату пра чалавека, калі не арганізаваны годныя ўмовы працы для людзей, не забяспечана ахова працы і тэхніка бяспекі, - падкрэсліў Віталь Нявера. - Таму дадзены Дыплом за першае месца з прысваеннем звання «Узорная арганізацыя Гродзенскай вобласці па ахове працы» па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы у 2019 годзе лічу высокай ацэнкай працы кіраўніцтва прадпрыемства і ўсяго калектыву мастоўскіх камунальнікаў.
Пасля працэдуры ўзнагароджання Віталь Нявера пагутарыў з актывам Мастоўскага раёна, абмеркаваў існуючыя пытанні і павіншаваў усіх з надыходзячым Днём Незалежнасці. У гэты ж дзень ён наведаў ААТ «Мастоўдрэў».
Па матэрыялах сайта раённай газеты "Зара над Нёманам»