Наш калектыў выступіў з ініцыятывай закласці сад на тэрыторыі дзяржаўнай установы адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета” перад Днём Перамогі і прысвяціць яго тым, хто абараняў нашу Радзіму ў гады вайны. Мы ўдзячны ўсім тым, хто заваяваў Вялікую Перамогу, хто ў пасляваенныя гады аднаўляў гарады і вёскі. Цяпер наша задача – захаваць гэту памяць і перадаць яе падрастаючаму пакаленню. Таму правядзенне такой акцыі вельмі важна, паколькі яна з’яўляецца адным са спосабаў прывіцця любові да нашай краіны.
Члены ГА “БРСМ” і педагагічны калектыў ідэю закласці сад прынялі з вялікім энтузіязмам. Тым больш што ў нашых вучняў вопыт па пасадцы пладовых дрэў ёсць. Набылі яны гэтыя веды ў час удзелу ў рэалізацыі плана мерапрыемстваў па далучэнні моладзі ў працэс догляду за пладова-ягаднымі насаджэннямі ў Мастоўскім раёне. Усе мерапрыемствы праходзілі на базе сада “Грушаўка” ААТ “Чарлёна”.
У рамках дабрачыннай акцыі высаджана 26 яблыняў розных сартоў.
Пасадку пладовых дрэў мы параўноўваем не толькі з захаваннем памяці аб гістарычным мінулым, але і з нараджэннем новага жыцця. Спадзяёмся, што памяць аб гэтай акцыі назаўсёды застанецца ў памяці кожнага ўдзельніка. Самае галоўнае, што педагагічны калектыў сваім прыкладам паказвае, чаму важны ўклад кожнага чалавека ў агульную справу, бо толькі сумеснымі намаганнямі можна дабіцца значных поспехаў. Думаецца, што вучні старэйшых класаў будуць з адказнасцю даглядаць пасаджаны сад, таму што кожны чалавек, пасадзіўшы пладовае дрэва, чакае ад яго добрага ўраджаю, так як старэйшае пакаленне чакае ад моладзі поспехаў і дасягненняў на карысць Радзімы.
Закладзены яблыневы сад на тэрыторыі школы – гэта трайны сімвал: яблыневы цвет – сімвал Перамогі, яблык – гэта сімвал ведаў, мудрасці, любові і сонечнага цяпла, а дрэва – сімвал адзінства пакаленняў, якія будуць вучыцца ў нашай школе.
Няхай гэтыя сімвалы стануць для вучняў жыццёвымі прынцыпамі ў жыцці, а “Сад Надзеі” стане памятным месцам для лунненскіх школьнікаў і будзе радаваць сваімі пладамі не адно пакаленне.