Галоўная / Навiны / Навiны раёна
12.07.2023

Сям’ёй сустрэліся і душой сагрэліся прадстаўнікі вялікага роду Варац з Мастоўшчыны

 У дзень памяці святых Пятра і Фяўроніі – свята сям’і, кахання і вернасці –недзвычайная падзея адбылася ў вялікай сям’і рода Варац.

Больш трыццаці  прадстаўнікоў  двух  старэйшых пакаленняў з’ехаліся з розных куточкаў нашай краіны    на сямейную сустрэчу, якая праходзіла на паляўніча- рыбалоўнай сядзібе шчучынскага завода “Аўтапровад”. Адразу ўсе былі зачараваныя маляўнічымі навакольнымі краявідамі: сасновы  бор, рознакаляровыя лугавыя травы і кветкі, спевы птушак – усё гэта  стварала і без таго  святочны настрой.

 У вялікай утульнай зале пачалося падарожжа ў мінулае рода.  На цяперашні час вядомы самыя першыя родапачынальнікі –  Андрэй Варац (1856-1915гг.) родам з в. Крывулькі Мастоўскага раёна  і яго жонка Кацярына, у дзявоцтве  Говарык, (1862-1912гг.) з  суседняй в. Будраўцы Шчучынскага раёна. Працавалі яны  на пана Незабытоўскага, уладальніка маёнтка ў в. Алешавічы Мастоўскага  раёна.  Там  і жылі ў будынку, які нагадваў барак, і называлі яго чвараком. У іх сям’і было тры сыны –  Канстанцін, Вікенцій, Георгій і тры дачкі – Пелагея, Антаніна, Анастасія.

Старэйшы сын Канстанцін жыў у Алешавічах. Памёр ён у час Другой сусветнай вайны.  Канстанцін і яго адзіная  дачка Зося пахаваны  на вясковых могілках у Ятвеску.

У сям’і  Вікенція і яго  жонкі  Кацярыны нарадзіліся чатыры сыны: Уладзіслаў, Ян, Вацлаў і Станіслаў. У 1947 годзе яны пераехалі ў Польшчу і там іх род працягваецца. Жонка Яна Хелена Варац першага  студзеня гэтага года адзначыла сваё стагоддзе!  Сын Вацлава Тадэвуш, якому хутка споўніцца 80 год,  складае  генеалагічнае дрэва і сваімі даследаваннямі падзяліўся з намі. У час  сустрэчы даслаў па тэлефоне гарачыя словы прывітання.

 Самы малодшы  Георгій у 1944 годзе быў прызваны ў войска, пакінуўшы дома жонку Домну (родам з в. Княжаводцы Мастоўскага раёна) з дачкой і трыма сынамі,  якім было ад  двух да дзевяці год. Пры кожнай магчымасці дасылаў сваім родным пісьмы (іх тэксты  змешчаны ў кнізе “Памяць. Мастоўскі раён”), у якіх пісаў, што хутка скончыцца вайна і ён вернецца дахаты ў в. Рагозніца Мастоўскага раёна. Але лёс склаўся такім чынам, што  5 мая 1945 года ён па-геройску загінуў і  пахаваны ў брацкай магіле ў польскім горадзе Грыфіно, што ў 30-ці кіламетрах ад Шчэціна. Прыйшлося Домне адной і дзяцей гадаваць, і старанна працаваць цялятніцай у мясцовым калгасе  (цяпер КСУП “Імя Адама Міцкевіча”).  Яе працоўны подзвіг быў адзначаны высокімі ўзнагародамі. У 1966 годзе Домне Іванаўне першай ў раёне было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Таксама мела ордэны Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. На сустрэчы прысутнічаў яе малодшы сын Мікалай (81 г.) з жонкай  Янінай і дзецьмі, а таксама дзеці сына Яўгена (83 г.), які не мог пакінуць адну дома хворую жонку. Няма ўжо ўжывых дачкі Таісы (дзяцей не было) і сына Аляксандра, але яго дзеці таксама былі на сустрэчы. Унук Аляксандра Дзмітрый Варац з’яўляецца неаднаразовым чэмпіёнам Беларусі, Еўропы і свету па тайскаму боксу. Мае ўзнагароды ад Прэзідэнта нашай краіны – Ганаровую грамату і медаль, як за асабістыя  спартыўныя дасягненні,  так  і сваіх вучняў, але  ўжо як трэнер.

Самай шматдзетнай была сям’я  Пелагеі і яе мужа Платона Апановіча (родам  з в. Пратасаўшчына Шчучынскага раёна), які ахоўваў панскія сажалкі ў Алешавічах, даглядаў і лавіў рыбу. Першыя іх пяць хлопчыкаў памерлі ў малалецтве, затым з’явіліся на свет  Зінаіда, Вольга, Марыя, Сцяпан, Вера, Лявонцій, Алена, Іван. Кожны з іх дажыў да свайго веку, пакінуў пасля сябе дзяцей (у Зінаіды і Веры дзяцей не было).  У г.  Масты жыве жонка Івана Леаніла, мае 85 год, па стане здароўя не змагла быць разам з намі. Мая мама Алена апошняй з усіх васьмі братоў і сясцёр у 2013 годзе адышла ў іншы свет. Сярод прысутных на сямейным свяце былі дзеці Сцяпана, Алены і  Марыі.  Яе дачка Наталля  прыехала  на сваю малую радзіму  з Жытомірскай вобласці Украіны.

Антаніна адна выгадавала сына Часлава. На жаль, яго таксама ўжо няма ўжывых. Мы рады былі вітаць яго адзіную дачку Жанну, якая жыве  ў Мінску.

У Анастасіі і яе мужа Паўла Купрыянчыка нарадзіліся тры дачкі. Малодшая Яніна памерла чатыры гады таму.  Старэйшыя Леакадзія (90 г.) –  самая старэйшая на свяце, і Станіслава (87 г.), нягледзячы на свой сталы ўзрост,  былі сярод нас, а жывуць яны ў г. Масты. Вельмі цікавыя  ўспаміны  Яніны і Станіславы (маёй хроснай мамы) дапамаглі мне больш падрабязна напісаць гісторыю нашага роду. Іх дзеці вызначыліся сярод усіх сваёй актыўнасцю – усе дружна  прыехалі на сустрэчу.

Доўга  гучалі аповеды пра нашы  сем’і, пра дзяцей і ўнукаў. Самая вялікая колькасць унукаў у Віктара,  сына Сцяпана і ўнука Пелагеі – 9,  а ў Людмілы -  дачкі Станіславы і ўнучкі Анастасіі, ужо 2 праўнукі. Так што род Варац працягвае расці. Прагучала прапанова, каб на наступнай сустрэчы прысутнічалі нашы дзеці, бо патрэбна ўмацоўваць сваяцкія сувязі і сярод нашага малодшага пакалення.

З вялікай цікавасцю разглядалі пажоўклыя, але такія дарагія сэрцу  фотаздымкі з мінулага часу і цяперашнія, каляровыя. Прыцягвала ўвагу радаводнае дрэва ў выглядзе намаляванага магутнага дуба, на якім кожны стараўся знайсці сваё адгалінаванне і свой дубовы лісток.  Паступова на нашым дубе будуць з’яўляцца ўсё новыя і новыя лісточкі.

Упрыгожаннем святочнай залы служылі саматканыя дываны, посцілкі, ручнікі, вышыванкі, кашулі з тканага палатна, некаторыя прылады працы. Гэтыя вырабы і шмат чаго іншага засталося ад нашых мамаў,  бабуляў і дзядуляў і захоўваяцца як дарагая рэліквія ў літаратурна-краязнаўчым музеі ў в. Мількаўшчына Гродзенскага раёна.

Гучалі песні розных гадоў, праводзіліся розныя конкурсы –  сумаваць не было калі. Больш вынослівыя засталіся на забавы і актыўны адпачынак з начлегам.

 Самыя ганаровыя ўдзельнікі сустрэчы – старэйшыны нашага роду –  былі ўзнагароджаны  памятнымі медалямі, а кожны прысутны атрымаў памятную паштоўку са словамі на развітанне:

Яшчэ многія гады будзем помніць мы заўжды, як сям’ёй сустрэліся і душой сагрэліся.

Ведаць жыццё нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў – гэта наш абавязак. Без ведання мінулага не можа быць ні сучаснасці, ні будучыні. Мінулае – гэта карані нашага тысячагадовага дрэва. Не будзе каранёў – загіне дрэва. Не  застанецца ў будучым і памяці пра нас.