Зіма сёлета выдалася снежнай ды марознай. Не скарыстацца гэтым не маглі актыўныя прапагандысты здаровага ладу жыцця, якіх нямала сярод членаў “Белай Русі”. Лыжныя прагулкі разам з калегамі, катанне на каньках і санках, прагулкі ў зімовы лес, што нагадвае казачны церам, – ці ж гэта не цудоўнае баўленне вольнага часу! А на памяць аб прыемных і радасных хвілінах – яркія і эмацыяльныя фотаздымкі.
– Нашы педагогі актыўна займаюцца спортам на працягу года: летам гэта веласіпедныя прагулкі, а зімой – лыжы і канькі, – адзначае Наталля Чохан, намеснік загадчыка ясляў-сада №4, калектыў якога стаў пераможцам фотамарафона. – Мінулай зімой мы не толькі весела і з карысцю правялі свабодны час, атрымалі асалоду ад зносін і сузірання прыгожых мясцін нашага горада, але і ўмацавалі здароўе – фізічна і маральна, “паставілі” дзейсны заслон прастудным захворванням.
Зарад бадзёрасці і добрага настрою, прыемныя ўспаміны, жаданне паспрабаваць свае сілы ў новых творчых і спартыўных конкурсах – такі вынік удзелу ў фотамарафоне калектыву ясляў-сада №3 г. Масты, які заняў другое месца.
– Мы на ўласным прыкладзе ўпэўніліся, што спорт – гэта і здароўе, і прыгажосць, – падкрэслівае старшыня пярвічнай арганізацыі “Белая Русь” ясляў-сада №3 Вольга Бунка. – Так прыемна было ўспомніць школьныя ўрокі лыжнай падрыхтоўкі, зноў стаць на канькі і пры гэтым атрымаць асалоду ад прыгажосці зімовай прыроды роднага краю.
Згодна з калегамі і Лілія Пусь, дырэктар Дубненскай сярэдняй школы. Калектыў гэтай установы адукацыі раздзяліў трэцяе прызавое месца з актывістамі “Белай Русі” і прапагандыстамі здаровага ладу жыцця з Мастоўскай цэнтральнай раённай бальніцы.
– Усе стаім мы каньках, кожны тыдзень – на катках. І пра лыжы не забылі – школай усёй на іх хадзілі, – так вершаванымі радкамі расказала пра актыўны адпачынак свайго калектыву Лілія Канстанцінаўна. Дарэчы, “праілюстраваць” фотаработу вершам – адна з абавязковых умоў конкурсу.
Усяго ж на сёлетні фотамарафон “выйшлі” 15 пярвічных арганізацый. Пераможцы конкурсу з рук лідэра раённай арганізацыі “Белая Русь” Валянціна Ціхановіча атрымалі дыпломы і падарачныя сертыфікаты на 100, 80 і 60 рублёў адпаведна – такі матэрыяльны стымул, несумненна, дадасць удзельнікаў конкурсу наступнай зімой.