Галоўная / Навiны / Навiны раёна
13.08.2021

Старыя традыцыі вечна маладыя: сектар культуры і Мастоўскі раённы цэнтр рамёстваў уключыліся ў рэалізацыю праекта польска-беларускага супрацоўніцтва

 У ліпені бягучага года сектар культуры і Мастоўскі раённы цэнтр рамёстваў уключыліся ў рэалізацыю праекта “Старыя традыцыі вечна маладыя” польска-беларускага супрацоўніцтва па захаванні культурнай спадчыны горада Масты і муніцыпалітэта Чарна Беластоцкай у рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна 2014-2020.

Па словах загадчыка сектара культуры Мастоўскага райвыканкама Анастасіі Палуйчык, удзел у праекце і сумесных мерапрыемствах – гэта магчымасць наладзіць цеснае супрацоўніцтва, абмяняцца вопытам, традыцыямі і культурнай спадчынай рэгіёнаў дзвюх краін.

– Гэта дапаможа адрадзіць страчаныя тэхнікі, аднавіць старыя тэхналогіі, развіць новыя, больш сучасныя напраўленні рамесніцтва, а таксама навучыць больш людзей рамяслу, у тым ліку дзяцей і моладзь, па абодва бакі мяжы, – удакладніла Анастасія Валер’еўна.

У рамках праекта ўжо ў верасні бягучага года запланавана правядзенне пленэра па ганчарству ў Чарна Беластоцкай. Абмен вопытам майстроў і ўсіх зацікаўленых у дадзеным мерапрыемстве з-за пандэміі каронавірусу будзе наладжаны сродкамі відэасувязі.

– У лістападзе мерапрыемства запланавана з нашага боку. Так, у Мастоўскім раённым цэнтры рамёстваў пройдзе пленэр народных рамёстваў з удзелам майстроў вобласці, – расказвае Анастасія Палуйчык. – Праз арганізаваныя інтэрнэт-пляцоўкі мы зможам правесці сумесны майстар-клас з майстрамі з Чарна Беластоцкай і стварыць фільм.

У наступным годзе, дзесьці у канцы мая – пачатку чэрвеня, пройдзе адкрыты пленэр рэзчыкаў па дрэве. Яго вынікам стануць 14 драўляных скульптур, якія будуць устаноўлены ў гарадскім парку ў Мастах.

Удзельнікі праекта ўпэўнены, што яго рэалізацыя дазволіць мясцоваму насельніцтву і гасцям даведацца больш аб традыцыях і культурнай спадчыне Польшчы і Беларусі, паўплывае на турыстычную прывабнасць рэгіёнаў.

Па матэрыялах сайта раённай газеты "Зара над Нёманам"