Цікавасць да акцыі штогод расце. Да добрай традыцыі пакінуць пасля сябе зялёную планету далучаюцца працоўныя калектывы і школьнікі, сем’і, прадстаўнікі ўлады, дэпутацкага корпусу і грамадскіх арганізацый.
Свой уклад у захаванне і памнажэнне зялёнага фонду і азеляненне горада ўнеслі і работнікі раённага выканаўчага камітэта на чале са старшынёй райвыканкама Юрыем Валяватым і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Валерыем Табала. Сосны яны высадзілі ў гарадскім парку, на месцы старых і хворых дрэў. Гэта неабходна для абнаўлення і папаўнення парка. Усяго было высаджана больш за 70 саджанцаў сасны.
– Удзел у гэтай акцыі – гэта магчымасць аб’яднацца дзеля добрай і карыснай справы. Наш гарадскі парк – унікальнае месца адпачынку мастаўчан і гасцей горада. Побач падвясны мост, Нёман, лясны масіў. Усё гэта гарманічна ўпісана ў гарадскую рысу, і ўжо ніхто не ўяўляе сабе Мастоў без парка з велічнымі соснамі. Нам трэба захаваць гэты самабытны куточак малой радзімы, усім разам, талакой, як сёння, клапаціцца пра яго чысціню, утульнасць і добраўпарадкаванне. Лічу, што кожны мастаўчанін здольны гэта зрабіць, – выказаў меркаванне Юрый Мікалаевіч.
У гэты ж дзень у гарадскім парку шчыравалі валанцёры і прадстаўнікі раённых структур грамадскіх арганізацый Беларускага саюза жанчын, рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, раённага савета ветэранаў, Чырвонага Крыжа, БРСМ, Маладзёжнага парламента. Іх працоўны дэсант ладзіўся ў рамках акцыі “Пасадзі дрэва” – аднаго з мерапрыемстваў праекта “Эко-стрим “Отдых с пользой”. Спонсарам дзесяці саджанцаў кедра, што былі высаджаны бліз дзіцячай пляцоўкі, выступіў эколага-біялагічны цэнтр.
Напрыканцы “Тыдня лесу” мы правялі своеасаблівую пераклічку сярод яго актыўных удзельнікаў і вось што даведаліся.
“Пасадзіць сваё дрэва можа кожны”, – вырашылі валанцёры Азёркаўскай сярэдняй школы і пасадзілі лес на плошчы 1 гектар, яшчэ на 3 гектарах расчысцілі насаджэнні ад галін, паваленых дрэў і смецця. Таксама добраахвотнікі наведалі дзялянкі, дзе шчыравалі ў мінулыя гады, пацікавіліся, як растуць маладыя дрэўцы, пасаджаныя іх рукамі.
Больш за 15 тысяч саджанцаў сасны – такі плён сумеснай працы валанцёраў, педагогаў і тэхнічных работнікаў Лунненскай сярэдняй школы, якія працавалі на працягу трох дзён.
– Нам выпала ганаровая і важная місія – паклапаціцца пра будучыню, бо лясы не толькі аказваюць уплыў на жыццядзейнасць чалавека, але і выступаюць гарантам экалагічнай бяспекі, – разважае вучаніца 11 класа Ксенія Навіцкая. – Веру, што з цягам часу буду прыходзіць сюды са сваімі дзецьмі і з гонарам расказваць ім, што высокія і магутныя дрэвы – вынік і маіх намаганняў.