Галоўная / Навiны / Навiны раёна
07.09.2021

Уз’яднанне: погляд праз гады. Гістарычны экскурс ад гісторыка Уладзіміра Ягорычава

 Барацьба беларускага народа за сваё сацыяльнае і нацыянальнае ўз’яднанне на працягу амаль 20-гадовага знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы спрыяла набліжэнню доўгачаканага часу, калі адбылося ўз’яднанне абедзвюх частак беларускай нацыі і беларускага народа ў адзінай сям’і.

Гэта стала гістарычнай падзеяй, пераадоленнем несправядлівасці, якая была ўчынена ў сувязі з заключэнне Рыжскага мірнага дагавору. З пазіцыі нацыянальных інтарэсаў трэба вітаць уз’яднанне беларусаў у адну сям’ю, а не кідаць камяні ў бок тых, хто набліжаў 17 верасня 1939 года.

Што тычыцца ролі СССР ва ўз’яднанні беларусаў, то карціна бачыцца больш зразумелай, калі, акрамя агульнага характару эпохі, мы прымем да ўвагі і некаторыя дэталі.

Ужо 14 верасня 1939 года Брэст быў акружаны фашыстамі, 15 верасня скарыўся Беласток. З Берліна ў Маскву была накіравана дэпеша з пагрозай, што калі СССР не пачне ваенныя дзеянні супраць Польшчы, то немцы спыняць наступленне і створаць на ўсходніх землях тры буферныя дзяржавы: Польскую, Заходнебеларускую і Заходнеўкраінскую. Ажыццяўленне гэтых планаў прывяло б да таго, што беларускі народ хутчэй за ўсё знішчаўся б па частках, не выключаючы братазабойную вайну. Выканаць гэтыя намеры не ўдалося.

Мы ведаем і іншае. Тое, што разам з Савецкай уладай прыйшлі і сталінскія парадкі. Пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць “ворагаў народа” з ліку трапіўшых у палон ваеннаслужачых польскай арміі і мясцовых жыхароў заходніх абласцей. Лёс іх аказаўся трагічным…

Сур’ёзны навуковы аналіз падзей 1939 года паказвае, што ўз’яднанне беларускага народа ў адзіную дзяржаву ў рашаючай меры было падрыхтавана шматгадовай рэвалюцыйна-вызваленчай барацьбой працоўных Заходняй Беларусі і адпавядала іх нацыянальным інтарэсам. Безумоўна, шкада, што гэтага не разумеюць “перабудоўшчыкі” нашай гістарычнай спадчыны, якія дапамагаюць “адраджаць” гістарычную справядлівасць шляхам ігнаравання праўды. Антынавуковыя дагматычныя тлумачэнні вераснёўскіх падзей 1939 года прыносяць вялікую шкоду грамадству, асабліва моладзі, якой надакучліва навязваюць гістарычнае невуцтва.

Жыхары Заходняй Беларусі, знаходзячыся ў часцях польскай арміі, плячо ў плячо з палякамі, украінцамі, літоўцамі першымі прынялі на сябе вогненны шквал раптоўнага ўдару германскіх войскаў. Яны гераічна абараняліся, дзясяткі тысяч з іх былі паранены ці трапілі ў палон.

Германскія войскі, праследуючы рэшткі польскіх падраздзяленняў, наблізіліся да зямель Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Яны захапілі Брэст і Львоў. Заходнебеларускае і заходнеўкраінскае насельніцтва апынулася пад пагрозай фашысцкага нападзення, а іх тэрыторыя магла стаць для Германіі выгадным ваенным плацдармам для нападзення на СССР.

Раніцай 17 верасня  войскі Чырвонай арміі ў складзе двух франтоў: Беларускага пад камандаваннем М. Кавалёва і Украінскага пад камандаваннем С. Цімашэнкі – перайшлі савецка-польскую граніцу. Польскія правіцелі прызналі, што стану вайны з СССР няма. Савецкі Саюз таксама не аб’яўляў вайну Польшчы. Часцям Чырвонай Арміі катэгарычна забаранялася бамбардзіраваць гарады і населеныя пункты авіяцыяй, весці па іх артылерыйскі агонь. У дырэктывах саветаў франтоў гаварылася аб неабходнасці абароны мясцовага нсельніцтва ад жандараў і асаднікаў, аб лаяльных адносінах да польскіх ваеннаслужачых і дзяржаўных чыноўнікаў, якія не аказваюць узброенага супраціўлення. Вялікая ўвага ўдзялялася растлумачальнай рабоце сярод насельніцтва аб прычынах краху польскай дзяржавы і мэтах вызваленчай місіі Чырвонай арміі. Усе заходнія даследчыкі канстатуюць, што інцыдэнты ў час наступлення часцей Чырвонай арміі мелі лакальны характар і шырокіх памераў не прымалі.

З непадробнай радасцю і энтузіязмам сустракалі Чырвоную армію працоўныя гарадоў і вёсак Заходняй Беларусі. Да 25-га  верасня Чырвоная армія поўнасцю вызваліла Заходнюю Беларусь, пазбавіўшы яе ад прыгнёту памешчыкаў і капіталістаў. Гэта быў акт гістарычнай справядлівасці.

12 лістапада 1939 года пазачарговая трэцяя сесія Вярхоўнага Савета БССР пастанавіла: “Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўз’яднаць тым самым беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве”.

Амаль дваццацігадовая барацьба працоўных Заходняй Беларусі, якую яны самаахвярна вялі пад кіраўніцтвам КПЗБ супраць палітычнага, сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту польскай буржуазіі і памешчыкаў, завяршылася ўстанаўленнем Савецкай улады.

На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі ў пачатку снежня было ліквідавана папярэдняе адміністрацыйнае дзяленне і ўтворана пяць абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская. У 1944 годзе па пагадненні паміж СССР і Польшчай горад Беласток і прылягаючыя да яго раёны былі перададзены народнай Польшчы.

Актыўна разгортвалася праца па сацыяльна-эканамічных пераўтварэннях на савецкай аснове.