Старажылы ўспамінаюць, што жыхары Мастоўскага раёна сустракалі савецкіх воінаў кветкамі, хлебам-соллю, лозунгамі. Людзі абдымалі салдат, цалаваліся і плакалі ад радасці. На Мастоўшчыну Чырвоная армія рухалася з усходу па некалькіх напрамках – з Дзятлава, Слоніма і Ваўкавыска.
Вось як успамінала прыход чырвонаармейцаў жыхарка в. Занёманск Ганна Буйко: “Чырвоная армія была яшчэ ў Ваўкавыску, а ў канцы вёскі Занёманск ужо была зроблемна брама. Над ёй развяваліся чырвоныя сцягі. Насельніцтва рыхтвала пачастункі і падарункі воінам. Асеннім ранкам першымі прыбылі кавалерысты, за імі – пехацінцы і другія роды войск”.
У больш буйных населеных пунктах, у асноўным цэнтрах гмін, дзе меліся значныя паліцэйскія сілы, мясцовыя актывісты загадзя фарміравалі ўзброеныя атрады, бралі ў свае рукі ініцыятыву падтрымання належнага парадку да прыходу Чырвонай арміі.
Так, у Лунна Фёдар Семяняк сфарміраваў з мясцовай моладзі атрад, які захапіў мост цераз Нёман і ўтрымліваў яго да прыходу часцей Чырвонай арміі. Узроеныя сяляне вёсак Курылавічы, Дубна, Пескі актыўна абяззброілі польскіх жандараў, паліцэйскіх і захапілі будынкі гмінаў. У фабрычным пасёлку Масты быў створаны камітэт па ўстанаўленні савецкай улады. Старшынёй яго быў выбраны Г. М. Цецька, намеснікам – П. І. Валковіч, сакратаром – С. І. Валковіч. Камітэт з 25 чалавек стварыў добраахвотны ўзроены атрад, у задачу якога ўваходзіла ахова чыгуначнага моста цераз Нёман. Байцы атрада абяззброілі польскіх салдат-асаднікаў.
На мяжы сучасных Мастоўскага і Зэльвенскага раёнаў узнік і дзейнічаў партызанскі атрад на чале з А. С. Майзікам. Партызаны ўступілі ў бой з рэгулярнымі часцямі польскай арміі пад Дзярэчынам, абяззброілі польскіх жандараў і ўзялі пад свой кантроль дарогу Дзярэчын – Зэльва. Праз некалькі дзён атрад уз’яднаўся з часцямі Чырвонай арміі.
19 верасня 1939 года чырвонаармейцы ўступілі ў Масты фабрычныя. На плошчы перад фанерным заводам узнік мітынг. Прамоўцы дзякавалі за вызваленне, воінам і камандзірам уручылі кветкі, хлеб-соль. Паўсюдна сталі стварацца часовыя органы кіравання, а ў асобных вёсках – сялянскія камітэты, у якія ўваходзілі вясковыя актывісты. Пескаўскі камітэт узначаліў М.В. Каўшовік, Лунненскі – В.С. Мікула, Курылавіцкі – Ю.М. Дубіцкі, Малькавіцкі – І. В. Карман, Дубненскі – А. С. Масевіч. У Гудзевіцкі сялянскі камітэт, які быў створаны адразу пасля прыходу Чырвонай арміі, увайшлі М. Ф. Іваноўскі (старшыня), Д. І. Янушчык, І. І. Улановіч, І. І. Хомка, У. І. Бергель, Я. В. Бобрык, І. С. Цюхай, І. Ц. Бергель.
Створаныя часовыя органы кіравання падзялілі памешчыцкую зямлю, жывёлу і інвентар паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі, арганізавалі дружыны сялянскай міліцыі. Мастоўскі камітэт узяў пад кантроль працаўладкаванне беспрацоўных, арганізацыю работы чыгуначнага вузла. Ствараліся першыя калгасы.