Надзея Галонская з’яўляецца першакурсніцай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Яна – будучы настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Надзея з вялікім захапленнем вывучае беларускае мовазнаўства і літаратуразнаўства, сучасную беларускую мову. Цiкавяць дзяўчынку дыялекталогія, лексікаграфія і гісторыя беларускай літаратуры. Яшчэ са школы Надзея праяўляла сябе ў розных конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, неаднаразова станавілася іх пераможцай. Яна і зараз працягвае дзейнасць у гэтым накірунку, толькі ўжо ў сценах універсітэта.
Дзіяна Аляшкевіч – студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Яна таксама абрала прафесію філолага. Дзяўчыне вельмі падабаецца вывучэнне рускай мовы і літаратуры, у прыватнасці такіх дысцыплін, як мовазнаўства і сучасная руская мова. Нялёгка даецца вывучэнне славянскай філалогіі, стараславянскай і старажытнарускай мовы. Але Дзіяна ўпэўнена, што непатрэбных прадметаў ва ўніверсітэце няма, а таму старанна і цярпліва асвойвае новыя дысцыпліны, крок за крокам набліжаючыся да сваёй мэты. Запамінальным для студэнткі-першакурсніцы стала выступленне ў ІХ адкрытых абласных Каложскіх чытаннях-2020 “Усход – Захад: гістарычная памяць народа”, падчас якога дзяўчына была ўзнагароджана дыпломам.
Яшчэ адна выпускніца педагагічнага класа Кацярына Тарыма справай свайго жыцця абрала спорт. Зараз яна вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы на факультэце фізічнай культуры і з цікавасцю асвойвае методыку выкладання спартыўнай падрыхтоўкі. Многа часу Кацярына праводзіць на зборах і трэніроўках, а са спартыўных спаборніцтваў прывозіць нямала дыпломаў і ўзнагарод. Па словах Кацярыны, толькі спорт і штодзённая праца на трэніроўках дазваляюць дасягнуць пэўных вяршыняў, дапамагаюць мэтанакіравана, крок за крокам, ісці да перамог. А настаўнік фізічнай культуры абавязкова павінен быць прыкладам для сваіх вучняў.
Трэба адзначыць, што пасля заканчэння навучальных устаноў дзяўчаты вернуцца на Мастоўшчыну, бо мэтавае накіраванне гэта гарантуе. А мы, іх настаўнікі, з радасцю будзем сустракаць маладых, адукаваных і творчых калег-спецыялістаў.